МУС РБ

10 ліпеня МУС апублікавала чарговае абнаўленне «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Дадалі яшчэ 18 асобаў. Цяпер у рэпрэсіўным спісе ужо 6772 чалавекі.

З Гарадзеншчыны ў спіс зараз дадалі Аляксандра Аўдзевіча з вёскі Заберазь Івейскага раёну. Вядома, што яго засудзілі ажно па пяці крымінальных артыкулах (!): па ч. 1 артыкулу 130, ч. 1 артыкулу 342, ч. 1, 2 артыкулу 361-4, ч. 1, 2 артыкулу 367, ч. 1 артыкулу 368 КК у Гарадзенскім абласным судзе. Ён адбывае зняволенне.

Сярод новых прозвішчаў таксама — 19-гадовы Данат Дашкоўскі, 70-гадовая Ніна Гнядзько і святар Беларускай грэка-каталіцкай царквы Віталь Быстроў.

Даната Дашкоўскага асудзілі паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый або іншых дзеянняў, шкодных для нацыянальнай бяспекі), а таксама ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці). Паводле дакумента МУС, яго судзімасць не пагашаная.

Паводле інфармацыі МУС, Ніну Гнядзько засудзілі ў Менскім гарадскім судзе паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці) і арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Верагодна, жанчыне прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатнюю хімію»).

Імя святара Віталя Быстрова з’явілася ў «спісе экстрэмістаў» пасля прысуду Брэсцкага абласнога суда паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (чч. 1, 2 арт. 361-4 КК).

Нядаўна беларускія праваабарончыя арганізацыі ўключылі Быстрова ў спіс ужо вызваленых людзей, чый пераслед яны лічаць палітычна матываваным, і запатрабавалі яго поўнай рэабілітацыі. Раней таксама паведамлялася, што пасля 2020 года святара затрымлівалі, арыштоўвалі на 10 сутак, а ціск на грэка-каталіцкую парафію ў Івацэвічах стаў адной з прычын, чаму яна не змагла прайсці перарэгістрацыю і была змушана падаць заяву аб ліквідацыі.