Ксёндз Юрый Грыцко ў час еўхарыстычнай працэсіі, фота архіўнае

Стала вядома, што днямі на Гарадзеншчыне затрымалі каталіцкага святара Юрыя Грыцко. Здарылася гэта ў мястэчку Дзярэчын (Зэльвенскі раён), у парафіі якой служыць ксёндз.

Мясцовыя ўлады патэлефанавалі святару ў чацвер, 9 ліпеня, і сказалі прыехаць у сельсавет. Калі ксёндз прыехаў туды на 17-ю гадзіну, там яго чакалі міліцыянты. Святар быў затрыманы, а рукі яму зашчапілі кайданкамі. Святара павезлі ў пастарунак, а машына яго засталася стаяць пры сельсавеце.

На наступны дзень, у пятніцу 10 ліпеня, Грыцко засудзілі да арышту на 15 сутак. Паводле якой адміністрацыйнай ці крымінальнай справы затрыманы святар – пакуль невядома. Вядома толькі, што перад гэтым да святара ў Дзярэчын прыехала каля 10 чалавек з Польшчы і Нямеччыны – частка святароў, частка – свецкіх асобаў. Імаверна, што гэта і стала нагодай для затрымання.

Святар Юрый Грыцко даўно служыць у парафіях Гарадзенскай дыяцэзіі. 7 кастрычніка 2024 году ксёндз быў вызвалены ад абавязкаў рэзідэнта ў парафіі св. Яна Паўла ІІ у Смаргонi (Смаргонскі дэканат) i прызначаны адміністратарам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне (Слонімскі дэканат).

На святара Грыцко сілавікі ціснулі і раней, пра яго неаднаразова пісаў праўладны “жоўты” тэлеграм-канал “Гродненские сливы”