Дзяніс Івашын

Палітзняволенага гарадзенскага журналіста-расследвальніка Дзяніса Івашына, верагодна, зноў кінулі ў ШІЗА

У магілёўскую калонію Дзяніса Івашына вярнулі 18 чэрвеня — дагэтуль ён 3 гады адбыў у турме № 8 у Жодзіна. Менавіта тым днём датаваны ягоны ліст да маці, потым ліст ад 21 чэрвеня атрымала жонка. З той пары больш ніводнага ліста ад Дзяніса яны не атрымалі, распавяла БАЖ Вольга Івашына:

«Адразу па прыбыцці ў калонію мужа мусілі памясціць у каранцін. Але адтуль лісты даходзілі. Зараз, калі лістоў няма ўжо 22 дні, выглядае на тое, што яго кінулі ў ШІЗА. Мы гэта ўжо «праходзілі» ў турме, калі Дзяніса трымалі ў штрафным ізалятары. Тады таксама лістоў не было па некалькі тыдняў».

Вольга зазначала, што не чакае ад ўтрымання ў ПК-15 нічога добрага. Туды Дзяніса Івашына накіравалі адбываць прысуд першапачаткова, і там яго збівалі, здзекваліся з ягонай беларускай мовы, забаранялі тэлефонныя званкі, прадуктовыя пасылкі, спатканні з бацькамі, некалькі разоў каралі штрафным ізалятарам. І гэта ўсяго за некалькі месяцаў, якія давялося правесці ў ПК-15.