лекар

Конкурс меншы за аднаго чалавека на месца на асобных спецыяльнасцях — такой апынулася прыёмная кампанія 2026 года ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Гэта адбываецца ўпершыню за апошнія пяць гадоў. У папярэднія гады конкурс на «Лячэбную справу», «Педыятрыю» і «Медыка-дыягнастычную справу» перавышаў адзінку. Найбольш заўважны недабор сёлета зафіксаваны на лячэбным і педыятрычным факультэтах. Hrodna.life прааналізаваў сітуацыю з паступленнем у медуніверсітэт у гэтым годзе і паглядзеў на папярэднія лічбы ўступнай кампаніі.

UPD 18 ліпеня, 9:00.
На «Лячэбную справу» пры плане ў 190 месцаў падалі 209 заяў. З іх 22 абітурыенты паступаюць без уступных іспытаў, а 187 удзельнічаюць у агульным конкурсе. Такім чынам, па колькасці заяў конкурс складае каля 1,1 чалавека на месца.
На «Медыка-дыягнастычную справу» пададзена 57 заяў на 48 месцаў. Чатыры абітурыенты паступаюць без уступных іспытаў, яшчэ 53 удзельнічаюць у конкурсе. Тут конкурс складае каля 1,2 чалавека на месца.
На «Педыятрыю» сітуацыя таксама змянілася: на 63 месцы ўжо пададзена 92 заявы. Адзін абітурыент паступае без уступных іспытаў, яшчэ 91 удзельнічае ў агульным конкурсе. Конкурс складае каля 1,45 чалавека на месца.
Усяго на тры спецыяльнасці пры плане прыёму 301 чалавек пададзена 358 заяў. Пры гэтым 27 абітурыентаў паступаюць без уступных іспытаў, а 331 чалавек удзельнічае ў агульным конкурсе.
Яшчэ напярэдадні ўвечары на «Педыятрыю» не хапала заяў. Цяпер конкурс ёсць на ўсіх трох спецыяльнасцях, хоць ён і застаецца значна ніжэйшым за паказчыкі папярэдніх гадоў.

Колькі студэнтаў-медыкаў набіраюць у Гродне ў 2026 годзе

У 2026 годзе ў Гродзенскім медуніверсітэце выдзелілі 760 бюджэтных месцаў: 459 — для мэтавай падрыхтоўкі і 301 — на конкурснай аснове.

Недабор на двух факультэтах

У апошні дзень прыёму дакументаў 17 ліпеня на 15.30 на спецыяльнасць «Лячэбная справа» падалі 171 заяву. План прыёму — 190 чалавек. Конкурс складае 0,9 чалавека на месца, гэта значыць, універсітэт пакуль не далічыўся 19 абітурыентаў. Сярод тых, хто падаў дакументы, 23 чалавекі паступаюць без уступных іспытаў, а непасрэдна па агульным конкурсе праходзяць 148 чалавек.

Яшчэ больш заўважны недабор склаўся на «Педыятрыі». На 63 бюджэтныя месцы пададзена ўсяго 42 заявы. Па конкурсе праходзіць 41 чалавек, яшчэ адзін абітурыент паступае без уступных іспытаў. На факультэт падаўся і абітурыент, у якога 160 балаў. Калі сітуацыя не зменіцца, то ён паступіць у гродзенскую медВНУ.

Адзінай спецыяльнасцю, дзе конкурс пакуль перавышае адзінку, застаецца «Медыка-дыягнастычная справа». На 48 месцаў пададзена 55 заяў, конкурс складае 1,15 чалавека на месца. Калі бягучая сітуацыя захаваецца, на «Лячэбную справу» і «Педыятрыю» змогуць паступіць практычна ўсе абітурыенты, якія падалі дакументы і пераадолелі мінімальныя патрабаванні для ўдзелу ў конкурсе.

Яшчэ год таму сітуацыя была супрацьлеглай

У 2023 і 2024 гадах прахадны бал на «Лячэбную справу» дасягаў 358 і 371 бала адпаведна. У 2025 годзе ён склаў 363 балы, а на «Педыятрыі» конкурс перавышаў два чалавекі на месца. Многія абітурыенты з вынікамі каля 310–320 балаў тады не змаглі паступіць на бюджэт. Колькасць заяў перавышала лічбу бюджэтных месцаў.

Спецыяльнасць / ФакультэтПаказчык агульнага конкурсу2021 год
(Вынік)
2022 god
(Вынік)
2023 год
(Вынік)
2024 год
(Вынік)
2025 год
(Вынік)
2026 год
(Фінальныя даныя)
Лячэбная справаПлан прыёму (агульны бюджэт)100100924862190
Пададзена заяў1741471649297178
Конкурс (чал. на месца)1,71,51,81,91,560,94 (Недабор, сітуацыя можа змяніцца)
Прахадны бал341328358371363без конкурсу
ПедыятрыяПлан прыёму (агульны бюджэт)635526484163
Пададзена заяў1336568888542
Конкурс (чал. на месца)2,11,22,61,82,10,67 (Недабор, сітуацыя можа змяніцца)
Прахадны бал296294341331344без конкурсу
Медыка-дыягнастычная справаПлан прыёму (агульны бюджэт)303028161848
Пададзена заяў694072243155
Конкурс (чал. на месца)2,31,32,61,51,721,15
Прахадны бал309311341345365фармуецца

Мэтавы набор і адсутнасць платнікаў

Яшчэ да пачатку агульнага конкурсу ўніверсітэт практычна цалкам выканаў план мэтавага набору. На «Лячэбную справу» залічылі 268 чалавек, на «Педыятрыю» — 62, на «Медыка-дыягнастычную справу» — 112. Усяго па трох спецыяльнасцях мэтавае навучанне выбралі 442 абітурыенты.

Адной з магчымых прычын цяперашняй сітуацыі можа быць пераразмеркаванне абітурыентаў на карысць мэтавага прыёму. Акрамя таго, з 2026 года медыцынскія ўніверсітэты Беларусі цалкам адмовіліся ад платнай формы навучання.

Недабор зафіксавалі ўпершыню за шмат гадоў

Падобная сітуацыя складваецца і ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. На некалькіх спецыяльнасцях агульны конкурс на бюджэт апынуўся невялікім па стане на сярэдзіну дня 17 ліпеня. На «Лячэбную справу» на 201 месца агульнага конкурсу пададзена 222 заявы. На «Педыятрыю» на 115 месцаў пададзена 120 заяў.

На «Фармацыю» пры 71 бюджэтным месцы зарэгістравана 58 заяў. Яшчэ больш адметная сітуацыя на спецыяльнасці «Медыка-прафілактычная справа», дзе на 60 месцаў пададзена толькі 39 заяў. «Стаматалогія»: на 102 месцы агульнага конкурсу пададзена 116 заяў, з якіх 14 абітурыентаў паступаюць без уступных іспытаў, яшчэ двое — па-за конкурсам.

медуниверситет
Медуніверсітэт. Фота: grsmu.by

Сітуацыю абмяркоўваюць у сацсетках

Абмеркаванне сітуацыі актыўна разгарнулася ў сацыяльных сетках.

Рэпетытар Аляксандр Луцэвіч падчас заключнага дня прыёму дакументаў апублікаваў маніторынг бягучай кампаніі ў Threads.

«Што там у медах? Давайце перанясемся ў Гродзенскі медунівер. Маніторынг на 11:30 заключнага дня 17 ліпеня: на лячэбны факультэт пададзена 137 заяў на 190 месцаў, на медыка-дыягнастычную справу — 36 на 48 месцаў, на педыятрычны факультэт — 25 на 63 месцы. Як думаеце, усё яшчэ чакаюць усе?»

Пад публікацыяй з’явіліся дзесяткі каментарыяў. Многія карыстальнікі лічаць, што прычынай стаў масавы пераход абітурыентаў на мэтавае навучанне.

«Усе, хто хацелі паступіць, ужо паступілі на мэтавае, цяпер будуць прыходзіць хлопцы і дзяўчаты з нізкімі баламі», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

Іншыя звязваюць тое, што адбываецца, з абавязковай адпрацоўкай пасля заканчэння ВНУ. «Мала каму хочацца пяць гадоў адпрацоўваць потым», — адзначыў адзін з каментатараў.

Яшчэ адна версія тычыцца павелічэння колькасці бюджэтных месцаў.

«З тым як павялічылася колькасць месцаў, чакана, што балы моцна ўпадуць», — лічыць адна з карыстальніц.

Пры гэтым яна адзначае, што прахадны бал сам па сабе не вызначае будучага спецыяліста: «Калі ідзём на прыём, не пытаемся, колькі балаў было на ЦТ і ці паступаў лекар па мэтавым або на агульных падставах. Вучоба ў медыцынскім вельмі складаная, і далёка не ўсе даходзяць да канца». Гучалі і больш эмацыйныя ацэнкі.

«Не, думаем, што гэта катастрофа».

На сітуацыю адрэагавалі і лекары

На ход прыёмнай кампаніі звярнуў увагу і беларускі лекар-педыятр, заснавальнік медыцынскага цэнтра «Добры Доктар» Аляксандр Дзячко.

У Facebook ён эмацыйна пракаментаваў папярэднія вынікі прыёму. «Гляджу на ўступную кампанію ў медуніверсітэты краіны і згадваю вучэбку ў арміі: “Мы бяром дубы, а выпускаем ліпу”. Так казаў мой камандзір. Вы разумееце, хто будзе лячыць нацыю праз шэсць гадоў?»

Пад публікацыяй таксама разгарнулася дыскусія. Многія каментатары звязваюць тое, што адбываецца, з ростам мэтавага набору, абавязковай адпрацоўкай і ўмовамі працы маладых спецыялістаў.

Адным з самых абмяркоўваемых стаў каментарый яшчэ аднаго лекара: «Дарагі мой калега, мяне гэта наадварот радуе. Не кожны малады абітурыент выбера спецыяльнасць лекара, а той, хто выбірае, не хоча працаваць як мы працавалі — за ідэю. На жаль, у нашай краіне прафесія лекара абясцэнілася да цырульніка. І не бачу нічога дрэннага, што разумная моладзь паедзе ў Еўропу, бо кваліфікаваная праца павінна аплачвацца адпаведна. А недабор на бюджэт пацвярджае нежаданне моладзі быць рабамі».

Іншыя карыстальнікі таксама называлі сярод прычын абавязковую пяцігадовую адпрацоўку пасля мэтавага навучання.

«Заканамерны вынік. Не ўсе хочуць траціць пяць гадоў жыцця на адпрацоўку», — напісаў яшчэ адзін карыстальнік.

«З улікам перспектывы размеркавання на працяглы тэрмін я разумею, чаму ісці не хочуць», — адзначыў адзін з каментатараў.

hrodna.life