
Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” пачалі актыўную падрыхтоўку да Тыдня супраць смяротнага пакарання, які пройдзе 5–10 кастрычніка 2026 года. Традыцыйна ў гэтыя дні ва ўсім свеце праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя адмене смяротнага пакарання, і Беларусь таксама павінна гучаць у гэтай міжнароднай размове.
“Наша мэта — расказаць як мага большай колькасці беларусаў, беларусак і замежнай аўдыторыі пра тое, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўсё яшчэ прымяняецца смяротнае пакаранне, і чаму яго адмена важная”,— адзначаюць праваабаронцы.
Калі вы хочаце далучыцца да Тыдня, кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” будзе рада любому партнёрскаму і валанцёрскаму ўдзелу. Гэта можа быць арганізацыя з вашага боку:
▪️ кінапаказу і абмеркавання;
▪️ лекцыі, прэзентацыі або дыскусіі на тэму смяротнага пакарання;
▪️ мерапрыемства ва ўніверсітэце, бібліятэцы, культурнай прасторы ці вашым горадзе;
▪️ інфармацыйнай кампаніі;
▪️ або любой іншай крэатыўнай ініцыятывы, якая дапаможа ўзняць гэтую тэму.
Праваабаронцы са свайго боку гатовыя дапамагчы:
▪️ інфармацыйнай падтрымкай;
▪️ экспертнымі кансультацыямі;
▪️ матэрыяламі і мерчам;
▪️ прасоўваннем вашага мерапрыемства і пошукам найлепшага фармату.
Калі ў вас ёсць ідэя або проста жаданне зрабіць нешта ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання — напішыце ў @niepakaranniu_bot.
“Давайце разам зробім так, каб тэма смяротнага пакарання зноў стала часткай грамадскай дыскусіі і прагучала як мага мацней”.
