
У двары Мірскага замку / тэлеграм-канал замкавага комплексу “Мір”
Больш за 144 тысячы рублёў недаплачаных адлічэнняў у фонд Лукашэнкі па падтрымцы культуры і мастацтва налічыла пракуратура Гарадзенскай вобласці.
Гаворка ідзе пра грошы, якія павінны пералічваць кампаніі і прадпрымальнікі, якія займаюцца бізнесам у будынках, прызнаных гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, ці ў іх ахоўных зонах.
Парушэнні былі выяўленыя ў Гародні, Карэліцкім, Лідскім, Наваградскім раёнах, заяўляюць у пракуратуры. Напрыклад, два рэстараны прыватнай кампаніі працуюць у гістарычных будынках. У 2025 годзе кампанія атрымала больш за 672 тысячы рублёў прыбытку. У фонд яна мусіла пералічыць 33,6 тысячы рублёў (5% ад прыбыткаў). Аднак фактычна было пералічана толькі дзве тысячы рублёў.
Рэстаран у Мірскім замку (імаверна, гаворка ідзе пра рэстаран “Княскі двор” у падзямеллі Мірскага замка) за чатыры гады пералічыў у згаданы фонд толькі 4,2 тысячы рублёў. Паводле пракуратуры, недаплата склала амаль 54,5 тысячы рублёў.
(Раней у сацсетках турысты скардзіліся, што ў наваколлі Мірскага замка цяжка знайсці месца для абеду. У выходны дзень кавярні і рэстараны зачыняюцца для абслугоўвання экскурсійных груп, а самастойным турыстам паесці няма дзе. Улады тлумачылі сітуацыю вялікім наплывам турыстычных груп.)
У Лідзе ўладальнікі грыль-бара ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці зусім не рабілі адлічэнні ў фонд Лукашэнкі. Напрыклад, летась яны завінаваціліся 5,4 тысячы рублёў.
Таксама ў пракуратуры адзначылі, што на больш чым 300 нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў вобласці (гэта прыкладна паловы ад агульнай колькасці) не распрацаваныя праекты зон аховы. У некалькіх раёнах на аб’ектах не было ахоўных шыльдаў. У вёсцы Гайцюнішкі (Воранаўскі раён) абсыпаецца цэгла з рэшткаў капліцы, у Вердамічах (Свіслацкі раён) тэрыторыя былой сядзібы зарасла пустазеллем і хмызняком, а каля стаянкі перыяду неаліту ў вёсцы Мікалаева (Івейскі раён) выявілі несанкцыянаваны сметнік.
