
Фонд BYSOL паведаміў пра з’яўленне ў Telegram падробленага бота, які выдае сябе за «службу эвакуацыі» арганізацыі.
У апісанні бота сцвярджаецца, што ён нібыта прызначаны для эвакуацыі людзей, якія перадавалі інфармацыю пра перамяшчэнне войскаў у праект «Беларускі Гаюн» і цяпер асцерагаюцца пераследу.
У BYSOL лічаць, што з вялікай імавернасцю гэта правакацыя беларускіх сілавікоў, мэта якой — выявіць людзей, якія могуць быць звязаныя з «Беларускім Гаюном».
Фонд паведаміў, што ўжо вядомыя выпадкі, калі падпіска на гэты бот станавілася падставай для крымінальнага пераследу.
У арганізацыі падкрэсліваюць, што BYSOL не выкарыстоўвае Telegram-ботаў для працы са зваротамі людзей. Праверыць сапраўдныя кантакты можна толькі на афіцыйным сайце фонду.
