русіфікацыя

У беларускія школы напярэдадні новага навучальнага года Міністэрства адукацыі адправіла інструктыўна-метадычны ліст, у якім даюцца рэкамендацыі, як падаваць некаторыя тэмы гісторыі Беларусі. Адзначаецца, што “ацэнка гістарычных падзей і гістарычных асоб павінна адпавядаць прынцыпам гістарычнай палітыкі Рэспублікі Беларусь”. 

Так, з тэксту рэкамендацый вынікае, што “К. Каліноўскі змагаўся за адраджэнне Рэчы Паспалітай, газета “Мужыцкая праўда” змяшчала заклікі да тэрору супраць расійскіх улад і іх прыхільнікаў, а мэтай яе выдання было ўцягванне беларускіх сялян у барацьбу за польскія інтарэсы”.

Рэч Паспалітую ў метадычцы заклікаюць называць выключна польскай дзяржавай.

У цэлым рэкамендацыі станоўча малююць вобраз і ўплыў Расейскай імперыі, а ролю Рэчы Паспалітай у гісторыі Беларусі — хутчэй адмоўна, з выкарыстаннем тэрміна “паланізацыя”. 

Так, аўтары рэкамендацый падкрэсліваюць, што “перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі адыграў вялікую ролю ў афармленні нацыянальнай беларускай дзяржаўнасці. Уключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі з’явілася вырашальным фактарам, які дазволіў спыніць паланізацыю беларусаў, садзейнічаў развіццю нацыянальна-духоўных традыцый”. 

“Правільны” фокус цяпер прадугледжвае і перагляд ролі асоб.

Так, “Т. Касцюшка — патрыёт Польшчы, яго мэта — адрадзіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г., а беларусам паражэнне паўстання Т. Касцюшкі і падзелы Рэчы Паспалітай дазволілі захавацца як народу”.

Ідэолагі Міністэрства адукацыі ўказваюць, што “вайна 1812 г. была Айчыннай для Беларусі, а ў складзе напалеонаўскай арміі ваявалі прадстаўнікі шляхты з тэрыторыі Беларусі, якія марылі пра аднаўленне Рэчы Паспалітай”. 

“Паўстанні 1830–1831 і 1863–1864 гг. былі накіраваны на адраджэнне Рэчы Паспалітай як польскай дзяржавы ў межах 1772 г.” — такія рэкамендацыі атрымалі настаўнікі гісторыі ў Беларусі.

Не абмінулі ўвагай у Міністэрстве адукацыі і перыяд сталінскіх рэпрэсій, падкрэсліўшы, што “грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1930-я гг. было надзвычай складаным і разнастайным”.

Рэкамендуецца расказваць вучням, што “будаўніцтва сацыялістычнай сістэмы адкрыла перспектыву для шырокіх народных мас. У грамадскай свядомасці падтрымліваліся і ўмацоўваліся «пачуццё адзінай сям’і», глыбокія патрыятычныя перакананні, жаданне пабудаваць справядлівае грамадства”.

Адзначым, што ўсё ж тэму рэпрэсій канчаткова не прыбралі, адзначаючы, што “разам з тым мелі месца скажэнні прынцыпаў справядлівасці і законнасці ва ўмовах ажыццяўлення палітычных рэпрэсій”.

Як перапісваюць падручнік гісторыі ў Беларусі

У Беларусі ў школьнікаў 10–11 класаў не так даўно з’явіўся новы прадмет — “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі”. Ён прыйшоў на змену “Гісторыі Беларусі”. І выклікаў шмат пытанняў у спецыялістаў.

У ім школьнікам расказваюць пра “спробу дзяржаўнага перавароту” і “ўмяшанне Захаду ва ўнутраныя справы” Беларусі, апісваючы падзеі 2020 года.

А параграф пра Расею напісаны ў выключна кампліментарным стылі адносна кіраўніцтва і асабіста Уладзіміра Пуціна, дапоўнены крытыкай і прапагандай у дачыненні да ЗША, Еўразвязу і, асабліва, Украіны.

Еўрарадыё