
Жонка гарадзенскага журналіста, палітвязня Дзяніса Івашына Вольга паведаміла ў сацсетках, што Дзянісу ўрэшце дазволілі ёй патэлефанаваць. Яна піша:
Лепшым лекам ад нашае трывогі ў пэрыяд адсутнасьці карэспандэнцыі ад Дзяніса ё ягонае тэлефанаваньне нам! Учора (11 жніўня) позна ўвечары Дзяніс патэліў мне. Гэтым разам размаўлялі мы каля 9 хвілінаў, але таго часу ўсё адно катастрафічна мала, нават 5 разоў на месяц. Мы б і за дзень не нагаманіліся, вядома, але ўсё адно занадта мала часу, каб пасьпець абмяняцца нейкай інфармацыяй. Я высьвятліла толькі тое, што Дзяніс ужо даўно не атрымліваў лістоў ад бацькоў. І акурат учора ім павярнулася іхнае пасланьне сыну.
А праз дзень Вольга Івашына атрымала ад мужа ліст, датаваны 31 ліпеня бягучага году.
Напомнім, што Дзяніс Івашын — вядомы беларускі журналіст-расследавальнік, журналіст выдання «Новы Час» і валанцёр міжнароднай супольнасці InformNapalm, быў затрыманы 12 сакавіка 2021 года. Ён быў засуджаны па справе аб «здрадзе дзяржаве» да 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У ліпені бягучага году пасля трох гадоў строгага рэжыму ў жодзінскай турме Івашына перавялі ў магілёўскую калонію нумар 15.
