
У Гародні рэктар аграрнага ўніверсітэта атрымаў афіцыйнае папярэджанне ад пракуратуры за тое, што адказаў на беларускамоўны зварот па-расейску, чым парушыў закон.
Пра сітуацыю расказаў актывіст і папулярызатар беларускай мовы Ігар Случак у Threads і выклаў адказ пракуратуры на свой зварот да ведамства.
Згодна з беларускім заканадаўствам, на звароты грамадзян варта адказваць на той дзяржаўнай мове, на якой звярнуўся заяўнік. Гэта прапісана ў часцы 1 артыкула 18 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».
Аднак у Гарадзенскім дзяржаўным аграрным ўніверсітэце на электроннае пісьмо Ігара Случака адказалі па-расейску. Ён паскардзіўся на гэтае парушэнне ў пракуратуру.
Рэктару абвесцілі папярэджанне
Пасля пракурорскай праверкі факты парушэння пацвердзіліся. 31 ліпеня 2026 года пракурор Гародні абвесціў рэктару ўніверсітэта афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці паўторнага парушэння заканадаўства. Таксама ўніверсітэт дадаткова даслаў заяўніку адказ на беларускай мове.
У каментарах да паста Случака адзін карыстальнік адзначыў, што сітуацыя з беларускай мовай у гэтай навучальнай установе даўно выклікае пытанні:
«Вось да чаго дажыліся, што ў сваёй жа краіне не можам атрымаць якікольвек адказ альбо падтрымку на сваёй жа мове… Калісьці вучыўся ў гэтым універы, і памятаю, як прафесарка па беларускай мове казала, што калі пісала заяву (альбо нейкі дакумент, не памятаю), ёй сказалі: „Ой, а мы так не пішам, па-руску ўсё пішам“. Вось што там робіцца…» — напісаў адзін з каментатараў.

hrodna.life
