
Вашай увазе каляндар круглых і юбілейных датаў Гарадзеншчыны на верасень 2026 году.
1 верасьня
Сусьветны дзень міру.
595 гадоў таму (1431) – Падпісана перамір’е ВКЛ з Польшчай, паводле якога Польшча прызнала Сьвідрыгайлу вялікім князем і уладаром усіх зямель ВКЛ.
35 гадоў таму (1991) – У Ракуцёўшчыне (Маладэчанскі р-н) адбылося музычна-паэтычнае сьвяткаваньне 100-ых угодкаў з дня нараджэньня Максіма Багдановіча.
25 гадоў таму (2001) – У Маладэчне адкрыты помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму (скульптар Валер’ян Янушкевіч).
3 верасьня
295 гадоў таму (1731) – У в. Занкі (Сьвіслацкі р-н) нарадзіўся Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, беларускі вучоны, царкоўны дзеяч, літаратар.
4 верасьня
195 гадоў таму (1831) – У Кракаве памёр Юзаф Пешка, жывапісец, творчасьць якога зьвязана зь Беларусьсю.
5 верасьня
Міжнародны дзень дабрачыннасьці
30 гадоў таму (1996) – У Вярхоўным Савеце Беларусі распачалася працэдура імпічмэнту Аляксандру Лукашэнку, якая пазней была сарваная расейскімі “міратворцамі”.
6 верасьня
Дзень беларускага пісьменства
90 гадоў таму (1936) – У в. Брольнікі (Наваградскі р-н) нарадзіўся Уладзімір Дзіско, заслужаны настаўнік Беларусі, выкладчык беларускай мовы Коласаўскага ліцэю. Яго педагагічная дзейнасьць няспынна доўжылася больш за паўстагоддзя з 1961 па 2016 г.
7 верасьня
170 гадоў таму (1856) – Памёр Цімафей Ліпіньскі, гісторык, географ, філолаг, калекцыянер, краязнавец. Нараджэнец мястэчка Дзярэчын (Зэльвенскі р-н).
8 верасьня
Дзень беларускай вайсковай славы. 1514 – Бітва пад Воршай. Разгром войскамі ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім маскоўскага войска.
235 гадоў таму (1791) – У Вільні нарадзіўся Людвік Сабалеўскі, філолаг, бібліёграф. Працаваў у Шчорсах.
9 верасьня
90 гадоў таму(1936) – У в. Верхаўляны (Бераставіцкі р-н) нарадзіўся Сяргей Габрусевіч, беларускі педагог, культуролаг, філосаф.
10 верасьня
Сусьветны дзень прадухіленьня самазабойстваў
11 верасьня
185гадоў таму (1841) – У в. Дэмбрава (Шчучынскі р-н) нарадзіўся Гіяцынт Альхімовіч, мастак, удзельнік паўстаньня 1863-64 гг.
185гадоў таму (1841) – У в. Коркіна (Іркуцкая губ., Расея) на пасяленьні пасьля катаргі памёр Міхал Рукевіч, удзельнік вызвольнага руху, філамат. На пач. 1820-ых жыў у Мількаўшчыне (Гарадзенскі р-н).
13 верасьня
Міжнародны дзень памяці ахвяраў фашызму
Сусьветны дзень аказаньня першай медычнай дапамогі.
15 верасьня
Дзень бібліятэк
Міжнародны дзень дэмакратыі
16 верасьня
15гадоў таму (2011) – У Лідзе памёр Уладзімір Хрышчановіч, беларускі краязнавец, грамадзкі актывіст, сябра КХП БНФ. Пахаваны ў Лідзе.
17 верасьня
135гадоў таму (1891) – У в. Балічы (Гарадзенскі р-н) нарадзіўся Антон Баліцкі, беларускі грамадзка-культурны дзеяч.
5гадоў таму (2021) – У Шчучыне ўсталяваны памятны знак зь гербам гораду.
18 верасьня
165гадоў таму (1861) – Памёр Антон Гарэцкі (нар. у 1787 г.), сын віленскага войскага Валенці Гарэцкага, які валодаў маёнткам Біскупцы (Лідзкі р-н), паэт, удзельнік вайны 1812 г. на баку Напалеона і паўстання 1831 г.
135гадоў таму (1891) – У в. Дубовая (Сакольскі павет) нарадзіўся Міхал Шалкевіч, беларускі каталіцкі сьвятар. З 1922 г. служыў у касьцёле ў Тракелях (Вараноўскі р-н).
70гадоў таму (1956) – Памёр Міхал Борык, беларускі каталіцкі сьвятар. З 1933 г. служыў у Смургонях, у 1933-38 гг. – у Нястанішках (Смургонскі р-н). Нараджэнец в. Сьвілы (Вараноўскі р-н).
19 верасьня
105гадоў таму (1921) – У мяст. Здалбунаў (Ровенская вобл., Украіна) памёр Кандрат Лейка, беларускі пісьменьнік, педагог. Нараджэнец в. Збочна (Слонімскі р-н).
35гадоў таму (1991) – Вярхоўны Савет Беларусі прыняў пастанову аб зьмене назвы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на Рэспубліку Беларусь. Дзяржаўным гербам была зацьверджана “Пагоня”, Дзяржаўным сьцягам – бела-чырвона-белы сьцяг.
20 верасьня
35гадоў таму (1991) – Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову “Аб стварэнні Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь”, якія былі сфармаваны на базе Беларускай ваеннай акругі.
21 верасьня
Міжнародны дзень міру
565гадоў таму (1461) – У Кракаве памерла Соф’я Гальшанская, князёўна з роду Гальшанскіх, каралева польская, з 1422 г. чацьвёртая і апошняя жонка караля польскага Уладзіслава Ягайлы. Пахавана ў Кракаве ў саборы Сьвятых Станіслава і Вацлава.
225гадоў таму (1801) – Замест ліквідаванай Літоўскай губерні створана Гарадзенская губерня (існавала да 1921 г.).
23 верасьня
255гадоў таму (1771) – Бітва каля мястэчка Сталовічы (гістарычная Слонімшчына, цяпер Баранавіцкі р-н) паміж войскамі ВКЛ і Расеі, параза войск ВКЛ.
24 верасьня
385гадоў таму (1641) – У в. Ятра (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Станіслаў Незабітоўскі (пам. увосень 1717 г. у Наваградку), палітычны, грамадзкі дзеяч, мемуарыст.
25 верасьня
75гадоў таму (1951) – У савецкім канцлягеры (Комі АССР) загінуў Вячаслаў Лаўскі, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, педагог, адзін з заснаваньнікаў беларускага студэнцкага руху. Нараджэнец в. Слачва (Наваградзкі р-н), працаваў у Наваградку.
27 верасьня
Сусьветны дзень турызму.
28 верасьня
90 гадоў таму (1936) – Нарадзіўся Рудольф Пастухоў, беларускі пісьменьнік, грамадзкі дзеяч. Жыў у Слоніме з 1970 г. і да сьмерці.
29 верасьня
135гадоў таму (1891) – У в. Бацэвічы (Клічаўскі р-н) нарадзіўся Аркадзь Смоліч, беларускі нацыянальна-дзяржаўны дзеяч БНР, вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, географ, картограф. У лістападзе-сьнежн. 1918 г. па даручэньні ўраду БНР працаваў у Гародні.
