
фота “Гродзенскай праўды”
Стала вядома, што ў гэтым навучальным годзе ў Гародні ўсё ж сфармаваныя два беларускамоўныя класы. У сярэдняй школе №34, што ў Кастрычніцкім раёне, падалі 5 заяваў у такі клас. У гэтай школе і раней былі беларускамоўныя класы. У 2025/2026 навучальным годзе тут ужо выпусцілі беларускамоўны клас 9-класнікаў, у якім займаліся восем чалавек.
Паводле словаў чыноўнікаў, сфармаваны беларускамоўны клас і ў Ленінскім раёне Гародні. Гэта ў сярэдняй школе нумар 32, дзе раней таксама былі такія класы. У гэтую школу запісаліся 11 вучняў.
Такім чынам у беларускамоўных класах у абласным цэнтры – горадзе, насельніцтва якога складае 365 тысяч чалавек, у першых класах па-беларуску будуць вучыцца 16 дзяцей.
Усяго ў першыя класы школ Гародні сёлета пайшло больш 9 тысяч першакласнікаў. Пры тым прапагандысты пішуць, што “падобны досвед адкрыцця класаў з беларускай мовай навучання актыўна падтрымліваецца на гарадскім узроўні”. Так “падтрымліваецца”, што ў беларускамоўных класах будуць вучыцца толькі 0,18% працэнта ад агульнай колькасці першакласнікаў.
Прыгадаем, што на 1994 год, калі да ўлады ў Беларусі прыйшоў Лукашэнка, у Гародні з 30 школаў беларускамоўныя класы былі ў палове з іх. За трыццаць гадоў адбылася амаль татальная русіфікацыя школьнай сістэмы.
