Гарадзенскі аэрапорт

У гарадзенскім аэрапорце скончылі абнаўляць узлётна-пасадкавую паласу і рыхтуюцца ўсталяваць новае навігацыйнае абсталяванне.

Таргі на закупку навігацыйнага абсталявання ўжо правялі, даставіць яго павінны ўвосень. Пасля ўсталявання застанецца вырашыць тэхнічныя пытанні і ўвесці сістэму ў эксплуатацыю.

«Я ўпэўнены, аэрапорт адкрыецца найбліжэйшай зімой. Заданне — прыцягнуць аператараў і авіякампаніі, якім будзе эканамічна мэтазгодна лётаць у Гродна», — заявіў старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму Андрэй Хмель.

Пакуль рэгулярныя маршруты і перавозчыкі не вызначаныя. Улады разглядаюць рэйсы ў Маскву, Пецярбург і Калінінград. У перспектыве з Гародні таксама могуць запусціць чартарныя рэйсы на курорты.