
фота ілюстрацыйнае
Ці можа грамадзянін Беларусі адкрыць банкаўскі рахунак у Польшчы з візаю, але без ВНЖ? А з падарожным дакументам? А пакуль чакаеш «абнаўлення» ВНЖ, рахунак не закрыюць? А крэдыт дадуць? «Белсат» звярнуўся з пытаннямі да дзесяці найбуйнейшых польскіх банкаў. Адказалі шэсць – і адказы ілюструюць тое, як па-рознаму банкі трактуюць польскія законы.
«Белсат» звярнуўся з шасцю пытаннямі да дзесяці найбуйнейшых польскіх банкаў, якія абслугоўваюць фізічных асобаў. На момант публікацыі адказалі шэсць з іх – адказы ніжэй. За тры тыдні не адказалі Erste (былы Santander), Millennium, Alior і VeloBank. Калі яны ўсё ж адкажуць, мы дадамо іх адказы ў гэты артыкул. У Citi Handlowy не звярталіся, бо ён прадаў VeloBank’у частку бізнесу, што тычыцца прыватных кліентаў.
Ніводзін банк не адказаў, колькім грамадзянам Беларусі адмовілі ў адкрыцці рахунку ў 2025 годзе і сёлета, колькім – закрылі ці заблакавалі рахункі. Банкі адказалі толькі на пяць пытанняў.
Ці можна адкрыць рахунак з візаю, але без ВНЖ?
Ці можа замежны грамадзянін, у тым ліку грамадзянін Беларусі, адкрыць рахунак у банку, калі легальна знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы на падставе візы (напрыклад, польскай нацыянальнай тыпу D), але не мае віду на жыхарства (карты побыту) у Польшчы?
Банкі патрабуюць дакументу, які пацвярджае права на легальнае знаходжання ў Польшчы – «prawo legalnego pobytu w Polsce». Міністэрства замежных справаў піша, што візы тыпаў C (шэнгенская) і D (нацыянальная) даюць права на pobyt, адпаведна, у шэнгенскай зоне ці толькі ў Польшчы. Але гэты pobyt ciągły, падобна, трактуюць як з’яву, асобную ад pobytu czasowego, права на які дае адпаведны дазвол, які беларусы называюць часовым відам на жыхарства, ад pobytu stałego ці zezwolenia na pobyt rezydenta długoterminowego UE – то бок, ад ПМЖ.
🔴 PKO Bank Polski. Падобна, не. Банк патрабуе ад грамадзянаў Беларусі не толькі пасведчання асобы, але і дакумент, які пацвярджае грамадзянства краіны Еўрапейскай эканамічнай зоны ці Швейцарыі або права на сталае або часовае пражыванне ў іх. Банк спасылаецца на 19-ы пакет санкцыяў Еўразвязу – там забараняюць надаваць плацежныя паслугі і інструменты грамадзянам Беларусі і фізічным асобам, якія жывуць у Беларусі, і зарэгістраваным у Беларусі юрыдычным асобам, за выключэннем тых, хто мае грамадзянства дзяржавы ЕЗ, ЕЭЗ ці Швейцарыі або мае часовы ці сталы побыт у такой дзяржаве. Банк не адказаў наўпрост на пытанне пра візу тыпу D. Ён патрабуе дакументу, які пацвярджае «prawo pobytu stałego lub czasowego».
🟡 Bank Pekao. Ацэньвае індывідуальна. Банк спасылаецца на тыя ж санкцыі. Але адзначае: сам факт наяўнасці ў грамадзяніна трэцяй краіны дзейнай візы або права легальнага пражывання ў Польшчы не вызначае аўтаматычна права на адкрыццё рахунку або аб’ём неабходных дакументаў. Перад усталяваннем адносінаў банк абавязаны ацаніць сітуацыю кліента з гледзішча дзейных заканадаўчых патрабаванняў, а аб’ём неабходных дакументаў і ўмовы адкрыцця рахунку могуць адрознівацца ў залежнасці ад канкрэтнага выпадку.
🔴 mBank. Не. Банк патрабуе пасведчання асобы і дакумент, які пацвярджае права на легальнае пражыванне ў Польшчы, і ў ягоным спісе няма візы тыпу D. Але ў выпадку кліентаў, якія ўжо маюць адносіны з банкам, для пацверджання легальнага знаходжання ў Польшчы могуць прыняць дакументы, звязаныя з працэдурамі атрымання віду на жыхарства або дзейную візу тыпу D. І ў асобных выпадках могуць разглядаць іншыя дакументы, не пералічаныя ў стандартным спісе.
🟡 ING Bank Śląski. Ацэньвае індывідуальна. Да грамадзянаў Беларусі ўжываюць «дадатковыя захады фінансавай бяспекі, звязаныя з геаграфічнай рызыкай». Патрабуюць пасведчанне асобы, пацверджанне легальнасці паходжання грошай і законнага пражывання ў Польшчы. Апошнім можа быць карта побыту, дазвол на пражыванне, часовае пасведчанне замежніка «або іншыя дакументы, прадугледжаныя заканадаўствам» (віза тыпу D у адказе не згадваецца наўпрост).
🔴 BNP Paribas. Не. Ад грамадзянаў Беларусі і Расеі банк патрабуе: замежны пашпарт, выдадзеную ў Польшчы карту побыту, адрас жыхарства ў Польшчы, польскае падатковае рэзідэнцтва, дакументы PoR і PoA. Банк спасылаецца як на 19-ы пакет санкцыяў, так і на закон супраць адмывання грошай і фінансавання тэрарызму.
🟢 Credit Agricole. Так. Банк патрабуе прадставіць дзейнае пасведчанне асобы, пацверджанне легальнага знаходжання ў Польшчы і пацверджанне эканамічных сувязяў у Польшчы (напрыклад, пацверджанне, што кліент вучыцца, працуе ці будзе праводзіць гаспадарчую дзейнасць у Польшчы). Асобна банк пацвярджае, што прымае візы тыпу D.
Ці прымуць у банку падарожны дакумент замест пашпарта?
Ці зможа адкрыць рахунак грамадзянін Беларусі, які мае польскі дазвол на пражыванне, але не мае дзейнага пашпарта Беларусі, а замест яго мае польскі падарожны дакумент ці «жэнеўскі пашпарт»?
Польскі падарожны дакумент і «жэнеўскі пашпарт» маюць адносіцца да дакументаў, якія пацвярджаюць асобу, як пісалі ў часопісе Prokuratura i Prawo (PDF, ад с.98) ці ў выданні Gazeta Policyjna. Упраўленне справаў замежнікаў, якое выдае польскі падарожны дакумент, піша, што ён пацвярджае асобу. Але ў законах не прапісана наўпрост, што яны – dokumenty stwierdzające tożsamość. І банкі па-рознаму трактуюць гэтую адсутнасць наўпроставай згадкі.
🟢 PKO Bank Polski. Так. Банк пацвярджае асобу праз замежны пашпарт, карту побыту, часовае пасведчанне замежніка і польскі падарожны дакумент (пра «жэнеўскі пашпарт» у адказе няма згадкі, але з кантэксту вынікае, што і яго мусяць прыняць). Але ўнутраныя правілы банку дазваляюць дадаткова патрабаваць яшчэ шэраг дакументаў для адкрыцця рахунку: працоўную дамову (дзейную прынамсі 6 месяцаў ад адкрыцця рахунку) або менеджарскі кантракт, даведку з органу сацыяльных выплат, рашэнне аб прызначэнне пенсіі, пасведчанне аб прыёме на навучанне, пасведчанне аб прызначэнні стыпендыі, білет студэнта ці навучэнца.
🟡 Bank Pekao. «Кожная сітуацыя вымагае індывідуальнай ацэнкі», – гэта ўвесь адказ.
🟢 mBank. Так. Банк прымае ў якасці пасведчання асобы замежны пашпарт, польскі падарожны дакумент і «жэнеўскі пашпарт».
🟡 ING Bank Śląski. Выглядае, што аднаго толькі «замяняльніка пашпарта» не хопіць. Банк піша, што мусіць ідэнтыфікаваць кліента на падставе пасведчання асобы, і гэтым пацверджаннем у выпадку грамадзянаў Беларусі могуць быць карта побыту ці часовае пасведчанне замежніка. Пры гэтым банк спасылаецца на канкрэтны пункт закону супраць адмывання грошай, які вымагае ідэнтыфікаваць асобу паводле серыі і нумару дакументу, які пацвярджае асобу. Банк сцвярджае, што індывідуальна ацэньвае, ці выконвае дакумент ідэнтыфікацыйныя патрабаванні законаў і працэдураў банку. І дадае, што пасля пачатку прымянення рэгламенту Еўразвязу 2024/1624 «сітуацыя з ідэнтыфікацыяй замежнікаў можа быць спрошчаная», бо «палажэнне дазваляе праводзіць праверку асобы не толькі на аснове дакументаў, якія сведчаць асобу, але і на аснове іх эквівалентаў».
🟡 BNP Paribas. Выглядае, што так. Банк адказаў, што адкрыць рахунак можна з «жэнеўскім пашпартам» і адначасова картай побыту, але пра польскі падарожны дакумент не згадаў.
🟡 Credit Agricole. Выглядае, што аднаго толькі «замяняльніка пашпарта» не хопіць. Банк наўпрост піша, што не прымае польскі падарожны дакумент і «жэнеўскі пашпарт» як пасведчанне асобы, бо ў законе аб замежніках згадана, што асобу пацвярджаюць карта побыту (арт. 242), польскае пасведчанне асобы замежніка (арт. 261), дазвол на талераванае пражыванне (арт. 274), але не згадана, што польскі падарожны дакумент і «жэнеўскі пашпарт» пацвярджаюць асобу.
Пакуль чакаеш новай карты побыту, рахунак не замарозяць?
Замежнікі ў Польшчы месяцамі, а то і гадамі чакаюць разгляду заяваў на від на жыхарства. У час разгляду яны могуць легальна знаходзіцца ў Польшчы. Але не ўсе банкі дазваляюць у гэты час карыстацца рахункамі.
🟡 PKO Bank Polski. Адказ неадназначны: «Рахунак і паслугі будуць даступныя пры ўмове надання кліентам дзейнага віду на жыхарства. Невыкананне гэтага патрабавання можа прывесці да частковага або поўнага абмежавання доступу да банкаўскіх паслуг у адпаведнасці з палажэннямі закону аб барацьбе з адмываннем грошай. Калі кліент не прадставіць дакумент на працягу доўгага перыяду, мы можам скасаваць дамову».
🟡 Bank Pekao. «Кожная сітуацыя вымагае індывідуальнай ацэнкі», – гэта ўвесь адказ.
🟢 mBank. Так, не замарозяць. У кліентаў, якія ўжо маюць адносіны з банкам, прымуць у якасці пацверджання легальнасці знаходжання ў Польшчы розныя дакументы, у тым ліку дакументы, звязаныя з бягучымі працэдурамі атрымання віду на жыхарства.
🟢 ING Bank Śląski. Так, не замарозяць. Замежны кліент, які падаў заяву на падаўжэнне віду на жыхарства і чакае выдачы новай карты побыту, можа працягваць карыстацца банкаўскім рахункам і паслугамі банку пры ўмове падання дакументу, які пацвярджае законнасць яго знаходжання ў Польшчы, у прыватнасці, пячаткі ваяводы («старшыні аблвыканкаму») ў падарожным дакуменце або даведкі, якая пацвярджае падачу заявы на жыхарства. У адказе спасылаюцца на канкрэтны пункт закону аб замежніках.
🔴 BNP Paribas. Не, доступ да рахунку абмяжуюць, бо «кожны кліент мусіць мець дзейнае пасведчанне асобы».
🔴 Credit Agricole. Не, доступ да рахунку абмяжуюць. Банк адзначае, што ў гэтым выпадку кліент знаходзіцца ў Польшчы легальна, але лічыць, што «банк не мае юрыдычных або фактычных сродкаў для праверкі бягучага этапу разгляду справы аб выдачы новага віду на жыхарства/карты жыхарства, а таксама зместу рашэння аб завяршэнні разгляду справы», і таму не можа праверыць, што кліент знаходзіцца ў Польшчы легальна.
З часовым ВНЖ дадуць крэдыт на кватэру ці машыну?
Экспертка ў галіне крэдытаў, якая працуе з замежнікамі ў Польшчы, у лютым раіла пахутчэй браць жытло ў іпатэку, бо банкі «закручваюць гайкі». Тады было вядома, што з беларусамі з часовым дазволам на жыхарства дакладна працуюць толькі тры банкі: Millennium, mBank і Santander (цяпер Erste). Спыталі ў банкаў, ці дадуць яны цяпер крэдыт на жытло ці аўтамабіль беларусам з часовым ВНЖ.
🔴 PKO Bank Polski. Не. Кліентам з-за межаў Еўразвязу трэба мець карту сталага побыту.
🟡 Bank Pekao. «Кожную заяўку разглядаюць індывідуальна на падставе актуальных унутраных працэдураў установы». Раней паведамлялі, што банк адмаўляў з часовым побытам, патрабаваў сталы.
🟡 mBank. На гэтае пытанне не адказалі, але сярод іншага запэўнівалі, што абслугоўваюць кліентаў незалежна ад грамадзянства пры захаванні патрабаванняў законаў, у тым ліку санкцыяў, рэгламентаў і абавязкаў, звязаных з ідэнтыфікацыяй кліента.
🟢 ING Bank Śląski. Так. «Для атрымання крэдыту неабходна пацвердзіць законнасць знаходжання ў краіне, мець статус рэзідэнта, пацвердзіць асобу, а таксама даказаць здольнасць пагашаць крэдыт – улічваюцца як фінансавыя, так і нефінансавыя фактары».
🟢 BNP Paribas. Так. Грамадзяне Беларусі і Расеі могуць звяртацца па фінансаванне (іпатэчныя ці спажывецкія крэдыты і іншае) ў тым ліку на падставе карты побыту – часовага ці сталага. «Рашэнне аб выдачы крэдыту залежыць ад ацэнкі плацежаздольнасці кліента».
🟢 Credit Agricole. Так. З дазволам на часовае пражыванне дадуць крэдыт, калі кліент выканае іншыя агульныя правілы – пройдзе ацэнку платаздольнасці і крэдытнай надзейнасці, а таксама пацвердзіць даходы. Праўда, банк агулам не дае крэдытаў на аўтамабілі – але на жытло можа даць.
Што рабіць, калі кліент падазрае адмову на падставе грамадзянства ці нацыянальнасці або ксенафобскія паводзіны працаўніка банку?
На гэта банкі адказалі прыблізна адно і тое ж: трэба скласці скаргу – złożyć reklamację. Банкі падкрэсліваюць, што трактуюць кліентаў незалежна ад паходжання, не церпяць ксенафобіі.
ING адзначае, што адсутнасць запісу размовы не значыць, што кліент не можа паскардзіцца, а банк – разглядзець справу. BNP – што кліент наогул не абавязаны мець доказнага матэрыялу, а мусіць толькі апісаць сітуацыю, пазначыць аддзяленне, дату здарэння і па магчымасці звесткі працаўніка, які пакрыўдзіў. PKO і Credit Agricole падказваюць, што паскардзіцца можна таксама кіраўніцтву канкрэтнага аддзялення.
Старонкі з інфармацыяй пра складанне скаргаў:
- PKO Bank Polski.
- Bank Pekao.
- mBank.
- ING Bank Śląski.
- BNP Paribas.
- Credit Agricole. (інтэрнэт-форма для скаргаў тут).
