Вялікабрытанія і яшчэ 37 краін — удзельніц АБСЕ — заклікалі ўлады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя і апанентаў улады. Адпаведную супольную заяву 17 верасня агучылі на пасяджэнні Пастаяннай рады АБСЕ ў Вене.

Заяву ад імя ўдзельнікаў нефармальнай групы сяброў дэмакратычнай Беларусі агучыў Пастаянны прадстаўнік Даніі пры АБСЕ Крысціян Грэнбех-Енсэн.
Пачаткова ў групу ўваходзяць Бельгія, Балгарыя, Харватыя, Чэхія, Канада, Кіпр, Эстонія, Фінляндыя, Францыя, Германія, Грэцыя, Ісляндыя, Ірляндыя, Італія, Латвія, Літва, Люксембург, Чарнагорыя, Нідэрлянды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славакія, Славенія, Іспанія, Швецыя, Вялікабрытанія, Украіна і Данія.
Да заявы таксама далучыліся Албанія, Аўстрыя, Ліхтэнштайн, Мальта, Малдова, Паўночная Македонія і Сан-Марына.
У заяве адзначаецца, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года беларусы выйшлі на мірныя акцыі з патрабаваннем дэмакратычных пераменаў і супраць вынікаў выбараў, якія падпісанты называюць сфальсіфікаванымі.
“У адказ рэжым Лукашэнкі пачаў жорсткае і сістэматычнае падаўленне мірных пратэстаў”, — гаворыцца ў заяве.
Паводле яе аўтараў, за шэсць гадоў сітуацыя істотна не змянілася.
“Улады Беларусі працягвалі сістэматычна падаўляць асноўныя свабоды і пераследаваць тых, каго ўспрымаюць як крытыкаў улады”, — адзначаецца ў дакуменце.
Аўтары заявы таксама спасылаюцца на апошнюю справаздачу спецдакладчыка ААН па Беларусі. Паводле іх, адвольныя затрыманні і палітычна матываваныя пераследы застаюцца распаўсюджанымі, а заканадаўства аб “экстрэмізме” і “барацьбе з тэрарызмам” выкарыстоўваецца для крыміналізацыі рэалізацыі свабоды слова, аб’яднанняў і мірных сходаў.
У заяве вітаецца вызваленне некалькіх соцень палітвязняў, але падпісанты заяўляюць, што па-ранейшаму занепакоеныя арыштамі і крымінальным пераследам па палітычных матывах.
“У выніку колькасць асоб, затрыманых па палітычных прычынах, зноў пачала расці”, — гаворыцца ў дакуменце.
З 2020 года не менш за 10 016 чалавек у Беларусі сутыкнуліся з крымінальным пераследам па палітычных прычынах. Гэта прыкладна на 1500 спраў больш, чым год таму. Агульная колькасць зафіксаваных выпадкаў рэпрэсій перавышае 100 тысяч. На 18 верасня праваабаронцы прызнаюць палітычнымі зняволенымі 886 чалавек. Гэтую ж лічбу прыводзіць і брытанскі ўрад у сваёй заяве. Падпісанты таксама звяртаюць увагу, што вызваленне з турмы не заўсёды азначае спыненне пераследу:
“Былыя палітычныя зняволеныя сутыкаюцца з высылкай, пастаянным назіраннем, абмежаваннямі і рызыкай паўторнага крымінальнага пераследу, у той час як рэпрэсіі ўсё часцей распаўсюджваюцца на беларусаў у выгнанні і іх сем’і”, — гаворыцца ў заяве.
Удзельнікі заявы таксама заявілі пра занепакоенасць паведамленнямі пра катаванні і іншыя формы жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага абыходжання зняволеных. Асобна яны згадваюць працяглую ізаляцыю і недаступнасць належнай медыцынскай дапамогі.
У дакуменце таксама гаворыцца пра пераслед праваабаронцаў, журналістаў, прадстаўнікоў апазіцыі і іншых грамадзянскіх актывістаў. Паводле яго аўтараў, транснацыянальныя рэпрэсіі ўсё часцей закранаюць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, і іх сем’і.
“Мы зноў заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных і настойліва заклікаем беларускія ўлады спыніць кампанію рэпрэсій. Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці”, — гаворыцца ў заяве.
Яе аўтары таксама заявілі, што падтрымліваюць беларусаў у іх імкненні да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай краіны.
У канцы заявы краіны выказалі надзею, што наступны год прынясе “адчувальны прагрэс”, каб у будучыні можна было гаварыць пра істотныя паляпшэнні, а не зноў уздымаць тыя ж праблемы.
Супольную заяву агучылі 17 верасня на пасяджэнні Пастаяннай рады АБСЕ ў Вене.
