Валеры Рынкевіч

Валерый Рынкевіч. Фота: hrodna.life

54‑гадовага Валерыя Рынкевіча звінавацілі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, распальванні варожасці і паклёпе на Лукашэнку.

Са звестак «Белпола» вынікае, што раней мужчына працаваў кіроўцам пагрузчыка на беларуска-польскім супольным прадпрыемстве «Эксклюзіў».

З 2019 года Рынкевіч лічыўся ў Беларусі беспрацоўным. Гэта дае падставы меркаваць, што мужчына мог доўгі час працаваць за мяжой, а крымінальны пераслед пачаўся пасля ягонага вяртання на радзіму.

З адкрытых крыніц вядома, што гарадзенец цікавіўся палітычнымі навінамі і перыядычна пакідаў каментары ў мясцовых суполках.

Нядаўна Гарадзенскі абласны суд абвесціў Валерыю прысуд адразу па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Яго прызналі вінаватым у распальванні варожасці (ч. 1 арт. 130), «рэабілітацыі нацызму» (ч. 1 арт. 130-1), абразе і паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (арт. 368 і 367), а таксама ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370). Напісанне каментароў у інтэрнэце суд трактаваў яшчэ і як «падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках» (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293).

Дакладны тэрмін зняволення, які прысудзілі Валерыю, пакуль застаецца невядомым.

Наша Ніва