
Праваабарончы цэнтр «Вясна» мае інфармацыю пра 240 чалавек, засуджаных па так званай «справе Гаюна». Гаворка ідзе пра пацверджаныя судовыя прысуды.
Агулам з пачатку года ў «экстрэмісцкі пералік» Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўнеслі каля 550 чалавек, асуджаных паводле артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса — «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Паводле праваабаронцаў, большасць асуджаных па гэтым артыкуле праходзілі менавіта па «справе Гаюна».
«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які адсочваў ваенную актыўнасць расейскіх і беларускіх войскаў. Маніторынгавая група была створаная перад пачаткам расейска-ўкраінскай вайны актывістам Антонам Матолькам.
У пачатку лютага 2025 года сілавікі атрымалі доступ да чата з ботам праекта. Пасля гэтага «Беларускі Гаюн» абвясціў пра спыненне сваёй дзейнасці.
Праваабаронцы адзначаюць, што пераслед людзей, звязаных з праектам, працягваецца.
