Прыезд палітычных актывістаў у Беларусь цяпер азначае гарантаваны тэрмін, а досвед Андрэя Пачобута, які ў снежні збіраецца зноў пасяліцца на радзіме, — унікальны і рызыкоўны. Пра гэта заявіў нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, адказваючы на пытанне «Люстэрка». Кіраўнік «Вясны» таксама ацаніў, колькі людзей можа напраўду знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах.

Алесь Бяляцкі

Пра рызыку пасадкі пры вяртанні ў Беларусь: «Гэта ўжо 100%, тут нават без шанцаў»

Нагадаем, былы палітвязень і актывіст незалежнага Саюза палякаў Андрэй Пачобут, які выйшаў на волю ў красавіку гэтага года ў межах абмену паміж Мінскам і Варшавай, у верасні пабываў у Беларусі, дзе сустрэўся з сям’ёй і актывістамі сваёй арганізацыі. А ў канцы кастрычніка ён заявіў, што неўзабаве плануе вярнуцца ў краіну на пастаяннае жыхарства.

«Люстэрка» спытала ў лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, экс-палітвязня, кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, ці хацеў бы ён дабіцца для сябе такой жа магчымасці — дамовіцца пра вяртанне ў Беларусь ці хаця б пра паездку туды.

— Досвед Пачобута ўнікальны, бо за ім цяпер стаіць цэлая дзяржава. Эканамічныя, палітычныя адносіны з Польшчай завязаныя на Андрэю. І ён, вядома, на сваім лёсе выпрабоўвае гэтыя адносіны. Сёння яны нармальныя, а заўтра, калі будуць горшыя, што з ім будзе? — разважае праваабаронца.

Ён лічыць, што Пачобут вядзе небяспечную гульню.

— Ты гуляеш з непрадказальным бокам, з непрадказальнай сістэмай, якая лічыць цябе расходным матэрыялам, — мяркуе Алесь Бяляцкі.

Для сябе асабіста і для іншых беларускіх праваабаронцаў нобелеўскі лаўрэат магчымасці вяртання ў краіну не бачыць.

— Любая актыўнасць пераследуецца, і калі ты будзеш паслядоўна займаць там нейкую пазіцыю, гэта небяспечна, і ўсё гэта скончыцца вельмі дрэнна. Заводзяцца крымінальныя справы супраць актывістаў, якія пастаянна жывуць за мяжой. Некалькі тысяч такіх справаў распачалі за гэтыя гады. У жніўні была распачатая крымінальная справа супраць мяне, — адзначае Бяляцкі.

Адзначым, што пра новую крымінальную справу супраць Бяляцкага стала вядома ў жніўні, калі дадзеныя нобелеўскага лаўрэата з’явіліся ў базе вышуку МУС Расіі. У красавіку з’явілася інфармацыя пра тое, што яго беларускі пашпарт ануляваны.

— Маё вяртанне — дакладна ў турму. Гэта ўжо 100%, тут нават без шанцаў. Таму цяпер будзе эфектыўней, калі я пажыву недзе за межамі Беларусі. Але я ўпэўнены, што прыйдзе час, і, як толькі будзе такая магчымасць, я туды вярнуся, — падкрэслівае Бяляцкі.

Пра імаверную рэальную колькасць палітвязняў: «Дадавайце яшчэ 20%»

«Люстэрка» таксама спытала ў Бяляцкага, якой, паводле яго ацэнкі, можа быць рэальная колькасць палітвязняў у Беларусі. Праваабаронца адказаў, што арыентавацца трэба на лічбу «крыху больш за тысячу».

Адзначым, што, паводле ацэнкі «Вясны», станам на 3 лістапада ў Беларусі палітвязнямі прызнаныя 887 чалавек.

— Ніхто дакладна сказаць не можа. <…> Напрыклад, калі нас выпусцілі, мы паглядзелі [на спіс вядомых на той момант палітвязняў] і дадалі пяць-шэсць чалавек з маёй калоніі. Атрымалася яшчэ недзе 10−15% ад тых, хто ўжо быў і хто сядзеў разам з намі, — тлумачыць Бяляцкі. — Калі рабіць прыкладна такую ж карэляцыю, то цяпер, паводле падлікаў беларускіх праваабаронцаў, там [у спісе] каля 900 чалавек. Ну, дадавайце яшчэ 20%.

На пытанне, колькі ўсяго людзей адбываюць пакаранне па палітычна матываваных справах, але не прызнаныя палітвязнямі, кіраўнік «Вясны» адказаў, што такой катэгорыі ў іх падыходзе няма.

— Калі чалавек асуджаны па «палітычным» артыкуле і мы пра гэта ведаем, то ён дакладна палітвязень <…>. Ёсць людзі, пра якіх мы не ведаем, бо суды закрытыя. Або калі сваякі баяцца [нам паведамляць], або іх няма, або калі сам чалавек не хоча, каб гэтая інфармацыя трапляла [да праваабаронцаў], то ўсё, мы пра яго не ведаем, — адзначыў Бяляцкі.

Нобелеўскі лаўрэат параўнаў сітуацыю ў Беларусі з сітуацыяй у Азербайджане.

— Гэта прыкладна такая ж краіна, як Беларусь, але пра яе практычна ніхто не гаворыць. Там таксама палітвязні, прыкладна 400 чалавек сядзяць у турмах (у пачатку кастрычніка гэтага года мясцовыя праваабаронцы заяўлялі, што ў гэтай краіне 322 чалавекі былі арыштаваныя і асуджаныя па палітычных матывах, і пра іх маўчаць, робяць выгляд, што іх няма. І ўсё: няма пытанняў, санкцый няма, і людзі сядзяць. У нас лічбы большыя, але атрымліваецца, што нашая пазіцыя — тое, што мы частка еўрапейскай супольнасці і частка Еўропы, — вельмі важная. Прынамсі, да нас не прымяняюцца падвойныя стандарты, якія я бачу, напрыклад, у сітуацыі з Азербайджанам, — падсумаваў Бяляцкі.

Наша Ніва