падарожны дакумент

Новы ўзор праязнога дакумента замежніка распрацоўвае Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. Ён будзе змяшчаць носьбіт біяметрычнай інфармацыі, а тэрмін яго дзеяння будзе перавышаць адзін год.

Пры гэтым ведамства не плануе рабіць большым тэрмін дзеяння цяперашняга дакумента. Пра гэта гаворыцца ў лісце намесніка міністра Мацея Душчыка намесніку амбудсмена па правах чалавека Станіславу Трацюку, піша выданне MOST.

Ад 1 ліпеня 2026 года набыло распараджэнне Еўрапарламента і Савета ЕС 2024/1347, якое абавязвае выдаваць замежнікам з дадатковай міжнароднай абаронай праязныя дакументы на тэрмін больш за адзін год. У гэтых дакументах павінен быць носьбіт біяметрычных даных. Але ў польскім заканадаўстве такая магчымасць не прадугледжаная.

За правы замежнікаў у Польшчы заступіўся намеснік амбудсмена па правах чалавека Станіслаў Трацюк. Ён адзначыў, што цяперашнія праязныя дакументы замежніка не толькі павялічваюць адміністрацыйную нагрузку на польскія ўстановы, але і могуць абмяжоўваць замежнікам магчымасць падарожжаў, захавання сямейных сувязяў, заняткаў прафесійнай і адукацыйнай актыўнасцю, а таксама карыстання правамі, звязанымі з легальным знаходжаннем на тэрыторыі краіны-чальца ЕС.

У адказ намеснік міністра Душчык заявіў, што новы дакумент распрацоўваецца, але не назваў магчымыя тэрміны, калі змены будуць прынятыя. Таксама ён дадаў, што ў ведамстве не бачаць патрэбы выдаваць праязны дакумент на тэрмін большы за год раней, чым набудуць моц змены, звязаныя са зборам біяметрычных звестак.