
Аўтары звароту заклікаюць улады Беларусі скасаваць закон «Аб процідзеяньні экстрэмізму», «экстрэмісцкія» артыкулы ў Крымінальным кодэксе і Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях, а таксама ўсе «экстрэмісцкія» сьпісы грамадзянаў, арганізацыяў і СМІ.
«Шмат якія склады „экстрэмісцкіх“ артыкулаў ня зьвязаныя з гвалтам, статус „экстрэміста“ нярэдка надаюць у пазасудовым парадку, а магчымасьці аспрэчыць уключэньне ў сьпісы на практыцы няма», — даводзяць аўтары звароту і спасылаюцца на Раду ААН у правах чалавека, якая ў сакавіку 2026 году таксама заклікала ўлады Беларусі скасааваць «экстрэмісцкія» артыкулы.
Чаму скасаваньне «экстрэмісцкіх» артыкулаў важнае
Праваабаронца зь міжнароднай арганізацыі Human Constanta Наста Лойка мяркуе, што ўлады Беларусі парушаюць міжнародныя стандарты і свае абавязаньні ў галіне правоў чалавека. Пад выглядам «супрацьдзеяньня экстрэмізму» насамрэч змагаюцца з іншадумствам і грамадзянскімі правамі, лічыць Наста Лойка, якая сама была палітычнай зьняволенай.
«Іміджу Беларусі вельмі шкодзіць гэтая практыка. Тут Беларусь апынулася ў сусьветных лідэрах, на ўсіх магчымых міжнародных пляцоўках яе вельмі жорстка крытыкуюць за „антыэкстрэмісцкае“ заканадаўства, і мы вырашылі нагадаць уладам Беларусі, што настаў час яго скасаваць», — сказала Свабодзе Наста Лойка.
Праваабаронцы Human Constanta і тыя, хто да іх далучыўся, патрабуюць вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх асуджаных паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў, уключна з асуджанымі на так званую хімію.
У Беларусі «экстрэмістамі» прызнаныя 6745 чалавек. За пяць гадоў распачата больш за 22 000 «экстрэмісцкіх» справаў. У сьпісы «экстрэмісцкіх фармаваньняў» трапілі праваабарончыя, культурніцкія, экалягічныя і шмат якія іншыя арганізацыі. Ад сакавіка 2026 году ў гэтым сьпісе і Human Constanta.
Зварот з заклікам скасаваць «антыэкстрэмісцкія» артыкулы накіраваны ў сем органаў улады Беларусі, сярод іх Нацыянальны сход і Савет Рэспублікі, Канстытуцыйны і Вярхоўны суды, адміністрацыя Лукашэнкі.
Кампанія мае назву «Галя, адмена — 50 дзён без «экстрэмізму», яна працягнецца да канца 2026 году, у тым ліку ў сацыяльных сетках. Наста Лойка патлумачыла, чаму абараная такая назва кампаніі:
«Назва зьвязаная з мэмам: калі штосьці ня так прадаюць у краме, то звычайна зьвяртаюцца да прадавачкі, каб адмяніла плацеж. І тое, што адбываецца ў Беларусі з законамі аб экстрэмізьме, з перасьледам за экстрэмізм, з наданьнем экстрэмісцкіх статусаў, на нашу думку, ужо даўно перайшло за межы ўсіх іроніяў», — патлумачыла Наста Лойка.
Зварот падпісалі Human Constanta, Reporters Without Borders, Politvyazynka, Freedom Women Bel і Free Belarus Center. Аўтары звароту разьлічваюць на скасаваньне і на карэкцыю «антыэкстрэмісцкіх» законаў і артыкулаў у іх.
svaboda.org
