Беластоцкі суд

18 лістапада ў Беластоцкім агруговым судзе завяршыўся беспрэцэдэнтны працэс паводле позвы грамадзяніна Беларусі, палітычнага ўцекача Уладзіміра Л. Напомнім, што ён падаў позву супраць банку Alior у справе безпадстаўнай дыскрымінацыі.
Разгляд справы пачаўся яшчэ ў кастрычніку 2025 году і доўжыўся больш чым год. У выніку суд абавязаў банк скласці Уладзіміру Л. афіцыйныя прабачэнні, прызнаўшы яго правы парушанымі. “Alior Bank S.A. z siedzibą w Warszawie przeprasza Pana Uladzimira L… za naruszenie jego dóbr osobistych, w szczególności godności oraz prawa do równego traktowania, w związku z odmową zawarcia umowy rachunku bankowego bez należytego uzasadnienia decyzji, co mogło być postrzegane jako działanie o charakterze dyskryminującym”, – мусіць напісаць банк, у прыватнасці, на сваім сайце. Што датычыць матэрыяльнай кампенсацыі, то суд палічыў, што яе сума павінна быць значна меншай, чым запатрабаваў заяўнік.
Варта зазначыць, што вырак суда яшчэ неправамоцны, паколькі заяўнік ці адказчык могуць скласці апеляцыйныя скаргі.
Напомнім, што яшчэ ў лістападзе 2024 году Уладзімір Л. пастанавіў адкрыць у беластоцкім аддзяленні банку Alior асабісты ашчадны рахунак. Пры тым беларус прадставіў усе патрабаваныя на той момант банкам дакументы для адкрыцця рахунку. Супрацоўніца, узяўшы ад яго ўсё запатрабаваныя дакументы, адсканавала іх і скіравала ўсё ў службу бяспекі банку, каб тая дала дазвол на адкрыццё рахунку. Замест дазволу прыйшла адмова без тлумачэння прычын, толькі са спасылкай на тое, што “банк нібыта не мог праверыць, ці не тэрарыст беларус і ці не збіраецца ён адмываць брудныя грошы. А гэта з-за таго, што Беларусь лічыцца ў гэтым аспекце краінай высокай рызыкі”.
У такой сітуацыі Уладзімір Л. стаў аспрэчваць рашэнне аддзялення банку шляхам скаргаў. Аднак гэта так і не дало станоўчага выніку. Пасля гэтага ён падаў пазоў у суд. Выкліканая як сведка супрацоўніца банка шчыра прызналася, што не ведае ніякай іншай прычыны адмовы ў адкрыцці рахунку, акрамя беларускага грамадзянства заяўніка.