
Рэспубліканская грамадская назіральная камісія сумесна з рэгіянальнымі грамадскімі назіральнымі камісіямі 20 жніўня 2024 года наведала папраўчую ўстанову “Турма № 1”. Фота: minjust.gov.by
З сакавіка 2024 года грамадскія назіральныя камісіі пры Мінюсце (ГНК) наведалі як мінімум дзесяць месцаў пазбаўлення волі, дзе ўтрымліваюцца і палітвязні: калоніі, турмы, калонію-пасяленне і папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. У афіцыйных справаздачах штораз паўтараецца адна і тая ж выснова: умовы адпавядаюць патрабаванням, скаргаў у асуджаных няма. “Вясна” паказала былым палітвязням з гродзенскай турмы № 1 і жаночай калоніі № 4 у Гомелі справаздачы ГНК, апублікаваныя на сайце Мінюста, і спытала, як гэтыя праверкі выглядалі знутры.
Пра гарадзенскую сітуацыю расказаў былы палітвязень Павел Вінаградаў.
20 жніўня 2024 года Рэспубліканская грамадская Назіральная камісія (ГНК) пры Мінюсце разам з рэгіянальнымі камісіямі наведала гарадзенскую турму № 1. У справаздачы гаворыцца, што чальцы камісіі азнаёміліся з умовамі побыту і вольнага часу асуджаных і з медыка-санітарным забеспячэннем, пагутарылі са зняволенымі і правялі анкетаванне. Іх выснова: умовы адпавядаюць патрабаванням, скаргаў не паступала.
Былы палітвязень Павел Вінаградаў у гэты час адбываў пакаранне ў гродзенскай турме. Паводле яго слоў, аб прыездзе камісіі зняволеныя звычайна даведаюцца ад кантралёраў:
“Яны ходзяць па камерах і папярэджваюць, што едзе камісія і каб былі акуратныя, прыбралі ўсю “забароненку” і апрануліся ў форму вызначанага ўзору. Так трэба хадзіць цэлы дзень, каб камісія, не дай бог, па відэакамерах не ўбачыла, што вы не ў тым адзенні знаходзіцеся”.
Людзей не ў форме супрацоўнікаў ён у камерах не бачыў ні разу:
“Да мяне ні разу не заходзілі людзі ў цывільным адзенні. Калі з праверкай прыходзілі, то гэта былі прадстаўнікі Дэпартамента выканання пакаранняў. Я не ведаю ніводнага чалавека — з палітычных і не з палітычных, — які б праходзіў нейкае анкетаванне ці нешта падобнае. Я не ведаю ніводнага чалавека, які бачыў бы грамадзянскіх у сябе ў камеры”.
Павел кажа, што грамадская назіральная камісія прыязджала ў турму даволі часта, але як яна праводзіла праверку, яму незразумела. Асабліва гэта тычыцца побыту і вольнага часу:
“Як яны азнаёміліся з умовамі побыту, я не вельмі разумею, калі яны не заходзяць у камеры. Таксама ў артыкуле напісана, што яны нібыта азнаёміліся з арганізацыяй нашага вольнага часу. Асабіста я не чуў ні пра якую арганізацыі вольнага часу, Акрамя таго што раз у два тыдні прыязджае бібліятэкар і дае табе тры кнігі. Які там яшчэ вольны час? Ну, напэўна, штрафны ізалятар яны мелі на ўвазе”, — іранізуе былы палітвязень.
Не згодны ён і з ацэнкай медычнай дапамогі. З ягоных слоў, на ўсю гарадзенскую турму працуе толькі адзін тэрапеўт:
“У гэтай турме нават актываваны вугаль не заўсёды быў у наяўнасці. Там жа зняволеных своечасова не вывозілі на флюараграфію, як гэта было са мной. Прычына — няма вывадных. Таму я не ведаю, што яны мелі на ўвазе, калі напісалі, што з медыка-санітарным забеспячэннем усё добра”.
У справаздачы таксама гаворыцца, што сябры ГНК гутарылі з асуджанымі і праводзілі анкетаванне. Павел і тут сумняваецца:
“Я не ведаю ніводнага зняволенага, з якім гутарыла б камісія. А якое анкетаванне яны праводзілі? Я нават пра такое ні разу не чуў”.
Адсутнасці скаргаў на супрацоўнікаў турмы ён не здзіўляецца:
“Яно і зразумела. Калі праводзілася нейкае анкетаванне або гутаркі, то са зняволенымі, якіх абрала адміністрацыя. Хутчэй за ўсё, гэта людзі, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Вядома, яны будуць казаць, як добра ім сядзіцца ў гродзенскай турме. І нават калі б анкету запаўнялі або гутарку праводзілі зняволеныя, якія не супрацоўнічаюць, яны б тысячу разоў падумалі, знаходзячыся ў гродзенскай турме, перш чым пісаць ці казаць нешта дрэннае пра яе. Адміністрацыя вельмі не любіць такія моманты, і яна абавязкова захацела б растлумачыць, чаму табе было добра сядзець, — бо цяпер будзе дрэнна”.
Камісія таксама запісала, што ўмовы размяшчэння адпавядаюць патрабаванням. Павел успамінае, што ў адным з карпусоў людзі гінуць ад спёкі:
“Можа, яны і адпавядаюць патрабаванням, але незразумела якім. У адным з карпусоў турмы № 1, які называецца “Амерыканка”, кожнае лета хтосьці памірае ад спёкі”.
З высновамі ГНК Павел згодны толькі ў адным: да харчавання ў яго прэтэнзій няма.
Вясна
