У Варшаве 23 лістапада прайшла сустрэча праваабаронцаў “Вясны” Валянціна Стэфановіча і Святланы Галаўнёвай са Спецдакладчыкам ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нільсам Муйжніексам. Бакі абмеркавалі апошнія тэндэнцыі рэпрэсій, практыку прымянення “экстрэмісцкага” заканадаўства і магчымыя крокі для вызвалення палітвязняў.

Спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі ў Беларусі Нільс Муйжніекс разам з праваабронцамі “Вясны” Святланай Галаўнёвай і Валянцінам Стэфановічам.

Сустрэча 23 лістапада ў Варшаве стала часткай серыі кансультацый, якія Спецдакладчык ААН праводзіць з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці. Для праваабаронцаў «Вясны» гэта ўжо не першая гутарка з цяперашнім трымальнікам мандата.

Асноўнай тэмай размовы стала бягучая сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і змены ў характары пераследу. Праваабаронцы звярнулі ўвагу на транснацыянальныя рэпрэсіі, а таксама на тое, што ціск унутры краіны становіцца больш схаваным.

Спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі ў Беларусі Нільс Муйжніекс.

Асобна на сустрэчы закранулі пытанне палітвязняў – у прыватнасці, зняволеных сяброў і валанцёраў “Вясны”.

“Мы абмяркоўвалі тое, што можа зрабіць спецдакладчык для вырашэння гэтага пытання, каб паспрыяць вызваленню палітвязняў і агульнаму спыненню рэпрэсій у краіне”, – распавяла праваабаронца “Вясны” Святлана Галаўнёва.

Яшчэ адным блокам размовы стала беларускае “экстрэмісцкае” заканадаўства. Прадстаўнікі “Вясны” патлумачылі механіку яго працы, у тым ліку тое, як функцыянуюць адпаведныя спісы і як яны ўплываюць на асобныя групы грамадства, напрыклад на дзяцей. Гэта дазволіла акрэсліць, якія канкрэтныя запыты і патрабаванні да зменаў можна выстаўляць беларускім уладам.

Паводле слоў Валянціна Стэфановіча, праваабаронцы таксама адзначылі значнасць самога мандата Спецдакладчыка ААН і іншых міжнародных інструментаў ва ўмовах цяперашняга крызісу правоў чалавека – найцяжэйшага ў найноўшай гісторыі Беларусі.

“У сакавіку ў Савеце па правах чалавека ААН адбудуцца слуханні і будзе прымацца рэзалюцыя па Беларусі. Таму ў гэтым кантэксце таксама важна падзяліцца меркаваннямі аб бягучай сітуацыі ў краіне”, – дадаў Валянцін Стэфановіч.

spring96.org