390 гадоў таму (1633) – Мястэчка Ліпнішкі (Івейскі р-н) атрымала герб – у чырвоным полі вершнік зь дзідай у руцэ.

Ліпнішкі ведамы з 15 ст. як уладаньне вялікіх князёў, пазьней належалі Гаштаўтам – у 1528 г. кароль Жыгімонт Стары надаў мястэчка Войцэху (ці Альбэрту-?) Гаштаўту, у 17 ст. належалі Пацам, пазьней Сапегам, Бяганскім, з 1812 г. – Пуслоўскім, з 1849 г. – Вольскім. У 16 ст. атрымалі статус мястэчка. Прывілей на магдэбургскія правы атрымалі ад караля Жыгімонта ІІІ Вазы 30 траўня 1610 г. Пацьверджаны Уладзіславам Вазам ІV 6 чэрвеня 1633 г., тады ж наданы герб –“у чырвоным полі вершнік з дзідай у руцэ”. Адначасна з Геранёнамі ў 1670 г. Ліпнішкі перадалі на разьмяшчэньне артылерыі. Гарадскія правы пацьверджаны ў 1792 г. каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім. Тады ж тут пачала працаваць цагельня. У 1795 г. расейская імператрыца Кацярына ІІ падаравала магдэбургскае мястэчка графу Аляксандру Безбародку, які прадаў іх у 1812 г. маршалку слонімскаму Войцэху Пуслоўскаму, а яго сыны – Вольскім у 1849 г. У 1856 г. расейскі Сенат адхіліў прашэньне жыхароў Ліпнішак пра зацьвярджэньне іх у мяшчанскім званьні, на што местачкоўцы адмовіліся выконваць паншчыну. Арганізатараў выступу кінулі ў вязьніцу. У 1861 і 1862 гг. адбыліся сялянскія бунты, жорстка здушаныя расейскімі карнымі войскамі. У 1860-ыя гг. было 105 будынкаў. У 19 ст. штогод праводзіліся 5 кірмашоў, было 12 крамаў, вадзяны млын, бровар. У 1894 г. у Ліпнішках пад таемнай партыйнай мянушкай “Віктар” хаваўся ад расейскіх уладаў дзеяч правага крыла ППС Юзаф Пілсудскі, выпускалася падпольная газета. 17 красавіка 1919 г. у мястэчку адбылася сутычка паміж польскім 7-ым Палком люблінскіх уланаў пад камандаю маёра Януша Глухоўскага і аддзеламі Чырвонай Арміі, якія адыходзілі зь Ліды пасьля паразы ў бітве. Польская кавалерыя адсекла дарогу бальшавікам і прымусіла іх здацца. Палякі здабылі значную колькасьць зброі і ўзялі ў палон салдат.

У Ліпнішках былі сядзіба і парк (2-я пал. 19 ст.), належала Вольскім. Разбудовай мястэчка займаўся Мікалай Вольскі. Захаваліся будынкі афіцыны, флігеля, гаспадарчай пабудовы, рэшткі старога парку.