
У Ваўкавыску 5 чэрвеня адбыўся хапун работнікаў мясцлвага мясакамбінату. У выніку ў пастарунку апынулася больш за 15 чалавек. Некаторых пасля праверкі тэлефонаў адпусцілі.
Паводле крыніц «Нашай Нівы», сілавікі 1 і 2 чэрвеня «адпрацоўвалі мясцовы мясакамбінат». Некаторых затрыманых пасля праверкі тэлефонаў адпусцілі.
«У тэлефонах шукалі падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і палітычныя фота— і відэаматэрыялы. Колькі пакінулі пасля праверкі людзей на «суткі», невядома», — расказаў жыхар Ваўкавыска.
«Людзей забіралі на прахадной прадпрыемства, а таксама на аўтобусным прыпынку», — паведаміў іншы чалавек.
На мясакамбінаце адмовіліся гаварыць пра знявольванне работнікаў.
«Мы не ўпаўнаважаныя адказваць на такія пытанні», — адрэагаваў супрацоўнік адміністрацыі.
Тым часам у адным з тэлеграм-каналаў сілавікоў з’явілася відэа са схопленым жыхаром райцэнтра — Васілём Паўлючэнем. Ці з’яўляецца ён супрацоўнікам мясакамбіната, невядома.

Яго знаёмыя расказалі, што ён год таму вярнуўся з-за мяжы. За час знаходжання на радзіме прэтэнзій да яго з боку міліцыі не было.
Апошні раз мужчына быў актыўным у сацыяльных сетках раніцай 2 чэрвеня. Імаверна, у гэты дзень яго і схапілі.
У міліцэйскім відэа Васіль Паўлючэня завучана кажа, што ён зняволены за распаўсюджванне ў інтэрнэце «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У віну яму выстаўлена і тое, што ў 2021 годзе ён нібыта «пачаў рэгістрацыю ў чат-боце плана “Перамога”, але да канца яе не давёў.
https://nashaniva.com/318400
