Польскае аб’яднанне прадпрымальнікаў Zjednoczony Wschód («Аб’яднаны Усход») звярнулася да дэпутатаў Сейму з патрабаваннем адкрыць пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, паведамляе выданне Wyborcza.

У адваротным выпадку аб’яднанне прапануе адкрыць праграму падтрымкі прымежнага бізнесу, які нясе страты з-за закрыцця мяжы.

Адзначаецца, што прадпрымальнікі таксама настойваюць на падаўжэнні выплат малым і мікрабізнесам, якія працуюць у раёне Беластоку.

Паводле звестак аб’яднання, турысты, якія прыязджаюць з Беларусі, штогод выдаткоўвалі ў Польшчы 124 млн еўра, адпаведна, у такую суму цяпер ацэньваюцца страты рэгіянальнага бізнесу.

Патрабаванні былі вылучаныя перад офісамі спікера Сейма Шымона Галаўні і сенатара Мацея Жыўна ў Беластоку.

Выданне паведамляе, што Жыўна ў адказ на патрабаванні назваў несправядлівым у дачыненні да Падляскага бізнесу закрыццё пераходаў толькі ў гэтым ваяводстве. Ён паведаміў пра намер звярнуцца ў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыю Польшчы з просьбай разгледзець магчымасць аднаўлення руху ў пункце пропуску ў Падляскім ваяводстве.

Да леташняга лютага на мяжы з Польшчаю працавалі два памежныя пераходы, аднак з увагі на вырак журналісту і аднаму з лідараў польскай дыяспары Анджэю Пачобуту пункт «Баброўнікі – Бераставіца» закрылі. Тагачасны міністр унутраных справаў і адміністрацыі суседняй краіны Мар’юш Каміньскі выставіў умову: узнаўленне працы тэрмінала за вызваленне палітвязня. У Менску палічылі, што закладнік за кратамі важнейшы, чымся бесперашкодныя паездкі беларусаў у Польшчу.

Белсат