Банкі Беларусі нядаўна абнавілі правілы па абмене замежнай валюты. Чакалася, што ў некаторых выпадках гэта спросціць кліентам магчымасці абмену купюраў. Але, як распавядае «Люстэрка», цяжкасці ўсё роўна застаюцца. Часта гэта тычыцца менавіта стодаляравых купюр.

Нагадаем, у мінулым годзе банкі сталі прытрымлівацца адзіных правілаў замены банкнот у замежнай валюце. Пасля гэтага абмяняць замежную валюту стала складаней — у некаторых выпадках банкі адмаўляліся яе прымаць, нават калі купюры вонкава на першы погляд не мелі дэфектаў.

З 1 лютага гэтага года банкі ўвялі змены ў патрабаваннях да абмену валюты. Планавалася, што пасля гэтага ў некаторых выпадках прадаць замежныя грошы будзе прасцей.

Зараз, мяркуючы па паведамленнях беларусаў, цяжкасці застаюцца. Часцей за ўсё яны ўзнікаюць са стодаляравымі купюрамі.

Незразумелыя праблемы ў людзей узнікаюць то з-за нібыта плямаў на купюрах, то з-за згінаў на іх, то нават з-за таго, што купюры “занадта новыя” і выклікаюць падазрэнні.