Плануецца, што ўладальнікі гуманітарных візаў змогуць абменьваць пасведчанні кіроўцы без звароту ў беларускія дзяржорганы, паведамляе НАУ па выніках сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства інфраструктуры Польшчы 5 ліпеня.

Намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан і прадстаўнікі каманды НАУ, а таксама кіраўніца ініцыятывы «Partyzanka» Ганна Маціеўская абмеркавалі ў Міністэрстве інфраструктуры Польшчы пытанні абмену пасведчанняў кіроўцы, рэгістрацыі транспарту і рэалізацыі санкцыяў.

У хадзе сустрэчы ўзнімаліся пытанні, з якімі беларусы звярталіся ў НАУ, у прыватнасці:

  • пашырэнне кола асобаў, якім не трэба пацвярджаць сапраўднасць нацыянальнага пасведчання кіроўцы;
  • канфлікт тэрмінаў разгляду заяваў аб міжнароднай ахове і аб абмене пасведчання кіроўцы;
  • удасканаленне працэдуры рэгістрацыі транспартных сродкаў у Варшаве і скарачэнне чэргаў;
  • адмова ў рэгістрацыі на рэйс з польскім праязным дакументам.

Адзначаецца, што прапановы, унесеныя прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў, былі пазітыўна ўспрынятыя спецыялістамі Міністэрства інфраструктуры Польшчы.

«Дырэктарка Дэпартаменту дарожнага транспарту Рэната Рыхтэр запэўніла, што найбліжэйшым часам будзе пашыранае кола асобаў, якім не трэба пацвярджаць сапраўднасці пасведчання кіроўцы, а таксама прадугледжаная магчымасць падачы заявы аб абмене пасведчання кіроўцы да атрымання пастановы аб міжнароднай ахове», – падкрэслівае НАУ.

Раней беларусы скардзіліся на тое, што прадстаўнікі беларускага рэжыму даведваліся пра іхнае месцазнаходжанне праз тое, што польскія чыноўнікі пры абмене правоў запытвалі пацверджанне ў беларускай амбасады. Гэта стандартная працэдура, якая не перашкаджала людзям да палітычнага крызісу ў Беларусі. Пры гэтым дакладнага месцазнаходжання ці іншых звестак беларускі бок не даведваецца – толькі тое, што чалавек у Польшчы і хоча замяніць правы кіроўцы.

Белсат