Беларускі палітычны і вайсковы дзеяч Антон Борык нарадзіўся 7 ліпеня 1894 года ў вёсцы Свілы (Воранаўскі раён Гарадзенскай вобласці). Паводле іншых звестак паходзіў з вёскі Сынкоўцы Сакольскага павету. Асоба гэтая, дзейнасць якой была магчыма супярэчлівай, варта згадкі і памяці. Хоць зараз цяжка вызначыць як фармаваўся светагляд гэтага чалавека і якую эвалюцыю ён прайшоў.

З біяграфіі Борыка ведама, што ў 1917 годзе ён служыў у польскіх легіёнах Юзафа Доўбар-Мусніцкага. У 1918 годзе пакінуў вайсковую службу і пераехаў ў Вільню. Там уваходзіў у склад Віленскай беларускай рады. Адзін з заснавальнікаў Беларускага нацыянальнага камітэту ў Гародні. Уваходзіў у беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У канцы сакавіка 1919 году ў гарадзенскім клубе “Беларуская хатка” на ўрачыстай вячэры ў гонар беларускага ўраду Борык ўзняў тост: “Няхай жыве Беларусь з Польшчай!”, падтрыманы некаторымі прысутнымі.

Антон Борык стаў першым афіцыйным пасланнікам БНР у Нямеччыне. 23 сакавіка 1919 года прыбыў у Берлін з Гародні як кіраўнік Беларускай вайсковай місіі па справах ваеннапалонных. На пачатку красавіка наладзіў сувязь з Міжнароднай камісіяй па справах ваеннапалонных. Пачаў працу сярод беларусаў-вайскоўцаў. Дапамагаў яму ў працы генерал Кіпрыян Кандратовіч, які ўваходзіў у склад дэлегацыі БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі. 30 чэрвеня 1919 года разам з Кузьмом Цярэшчанкам заклаў “Аддзел збліжэння палоненых беларусаў у Нямеччыне з родным краем”.

Вясной 1920 года Борык знаходзіўся ў Рызе. Там нечакана выявілася, што ён мае два пашпарты: беларускі пад № 29 і расейскі пад № 285, які выдала яму расейская дэлегацыя ў Берліне. Беларусы звінавацілі яго ў здрадзе. Тады Борык нібыта заявіў, што не лічыць сябе ні беларускім, ні расейскім грамадзянінам…

Да лета 1920 года працаваў выканаўчым дырэктарам берлінскай фірмы “Сіндыкат Сапегі для Еўропы і Азіі ў Беларусі”, уласнікам якой быў Станіслаў-Леў Сапега-Ваявода, які пэўны час дапамагаў БНР грашыма. Знаходзячыся ў Германіі, Борык перадаваў грошы і сродкі беларускім школам. У сярэдзіне лета 1920 года ён з’ехаў з Берліна ў Латвію. Пасля едзе ў Гародню на запрашэнне беларускіх вайскоўцаў. Узначальвае агульны аддзел Беларускай вайсковай камісіі ў Лодзі.

У канцы лістапада прыбыў у званні капітана з Лодзі ў Семежава для ўдзелу ў Слуцкім збройным чыне. Разам з ім прыбылі яшчэ 3 афіцэры з 12 пасланых – капітаны Андрэй Якубецкі, Антон Сокал-Кутылоўскі, паручнік Тодар Янушэнка. Узначальваў штаб 1-й Слуцкай брыгады. Быў праціўнікам супольных дзеянняў з атрадамі Станіслава Булак-Балаховіча. Падаваў нататкі пра паўстанне ў газеты “Наша думка” і “Беларускае слова”. Разам з прыхільнікамі генерала Булак-Балаховіча Хведашчэнем, Арсенем Паўлюкевічам Борык (магчыма змяніў адносіны да Булаховіча, пасля адхілення ад пасады шэфа штаба Слуцкай брыгады), адступіў з Морача, апошняга апорнага пункту случчакоў, у Давыд-Гарадок. Там паўстанцы і балахоўцы, якія да іх далучыліся, былі абяззброеныя палякамі. Пасля паразы паўстання – у Латвіі, потым у Коўне, Вільні, Варшаве. У Варшаве – адзін з арганізатараў структуры ТБШ.

У канцы 1930-ых жыў у Вільні, працаваў у кіраўніцтве Віленскай чыгункі. Звесткі пра яго губляюцца з пачаткам другой сусветнай вайны. Найверагодней загінуў на пачатку 1940-ых гадоў.