
Чарговае паседжанне па крымінальнай справе Іллі Нарышкіна прайшло 7 жніўня. Працэс пачаўся 22 ліпеня.
Курсанта Акадэміі МУС Нарышкіна вінавацяць па двух артыкулах — “здрада дзяржаве асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца” (ч. 2 арт. 365 КК) і “удзел у вайне на тэрыторыі іншай дзяржавы, вярбоўка або падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу” (ч. 1 арт. 361-3 КК).
Іллю Нарышкіну 21 год. Родам ён са Слоніма, але частку дзяцінства правёў у Гародні. Цяпер ён мусіў бы скончыць трэці курс крымінальна-выканаўчага факультэта.
Мяркуючы па абвінавачаннях, выстаўленых хлопцу, ён выказваў жаданне паехаць ваяваць за Украіну. Бацька Іллі — украінец, нарадзіўся ў Крывым Розе.
Сам Ілля падчас навучання прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці: выступаў у розных конкурсах, удзельнічаў у інтэлектуальнай гульні “Вежа” ад тэлеканала “Беларусь-2”. Апошнія публічныя звесткі пра яго датуюцца сакавіком 2023-га.
Судзіць Нарышкіна Юрый Казакевіч — суддзя, які больш за дзесяць гадоў афармляе палітычныя прысуды па адміністрацыйных і крымінальных справах, на яго рахунку дзясяткі жорсткіх карных прысудаў.
