
3 сакавіка ў Гарадзенскім абласным судзе пачаўся судовы працэс у дачыненні да Ягора Сацішура. Яму інкрымінавана ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Працэс вядзе суддзя Зінаіда Барцэвіч, якая раней была старшынёй суду Кастрычніцкага раёну Гародні, а зараз у штаце абласнога суду.
Згодна з інфармацыяй з сацыяльных сетак, 22-гадовы хлопец Ягор Сацішур вучыўся на юрыдычным факультэце ў Берасці, а пасля жыў у Польшчы.
У студзені прапагандыст Азаронак даў інтэрв’ю журналістцы Ксеніі Сабчак. Падчас размовы Сабчак узяла са стала Азаронка ліст з пастановай аб прызнанні яго пацярпелым па крымінальнай справе.
Сабчак зачытала на камеру дэталі пастановы. У лісце гаворыцца, што нейкі Сацішур сабраў і даў замежнай дзяржаве персанальныя дадзеныя Азаронка. Прапагандыст расказаў, што гэта ён падаў заяву на Сацішура за тое, што ён выклаў у інтэрнэт асабістыя дадзеныя Азаронка, пісала «Люстэрка».

