
На Дзятлаўшчыне на прапаганду кінуты ўсе чыноўніцкія сілы.16 красавіка ў раёне прайшоў “Адзіны дзень інфармавання”. Працавала ажно некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага сустрэлася з працоўным калектывам Дзятлаўскай ЦРБ, рэспубліканская група пад кіраўніцтвам першага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Сяргея Сыранкова выступіла перад працоўнымі калектывамі ТАА “Триал эксперт” і СТАА “Суперпак инвест”, абласная група на чале з першым намеснікам старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама Канстанцін Цэхановіч – перад працоўнымі калектывамі ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” і Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў, з працоўнымі калектывамі і грамадзянамі па месцы жыхарства сустрэліся групы старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага і намеснікаў старшыні райвыканкама.
Галоўнай тэмай нібыта была Чарнобыльская катастрофа, але па вялікім рахунку ўсе размовы ішлі пра “вялікія дасягненні” дзяржавы ў пераадоленні наступстваў страшнай аварыі. Гаварылі і на іншыя тэмы – пра сацыяльную падтрымку і пра выпальванне сухой расліннасці, і пра ахвяраў кіберзлачынстваў.

