
фота ілюстрацыйнае
У Беларусі абнавілі спісы прафесіяў, якія даюць права на датэрміновую пенсію за працу ў шкодных і цяжкіх умовах – выдалілі больш за 800 пазіцыяў. Некаторыя «панізілі» са скрайне цяжкіх да проста цяжкіх. Навошта гэта было зроблена? Чаго такім чынам спрабуе дасягнуць дзяржава? І як гэта адаб’ецца на працаўніках? Абмяркоўваем з эканамісткаю, прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях эканомікі ды фінансаў Алісаю Рыжычэнкай і прадстаўніком дэмакратычнага прафсаюзнага руху Дзянісам Садоўскім.
Якія прафесіі больш не шкодныя
8 красавіка прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падпісаў пастанову № 175 «Аб спісах вытворчасцяў, працаў, прафесіяў, пасадаў і паказнікаў для мэтаў прафесійнага пенсійнага страхавання». Яна замяняе сабой пастанову № 536 за 25 траўня 2005 года.
Як патлумачылі ў Міністэрстве працы, былі абноўленыя два спісы: № 1 – для падземных працаў, а таксама з асабліва шкоднымі і цяжкімі ўмовамі, і спіс № 2 – для працаў са шкоднымі і цяжкімі ўмовамі (менш небяспечныя, чымся ў першым спісе). Раней дзеяла версія спісаў, зацверджаная ў 2005 годзе.
Сярод асноўных змяненняў у спісах – выключэнне прафесіяў і пасадаў, якія страцілі актуальнасць у звязку са зменамі ў тэхналогіях і арганізацыі працы. Гэтак, на падставе праведзенага Міністэрствам працы аналізу выключаныя 406 прафесіяў (пасадаў), якія фактычна не выкарыстоўваюцца ў эканоміцы, 356 прафесіяў (пасадаў), у дачыненні якіх ні ў адной з арганізацыяў паводле вынікаў праведзеных атэстацыяў не пацвердзіліся паказнікі шкодных умоваў працы, 78 прафесіяў (пасадаў), у якіх вынікі атэстацыі паказалі аптымальныя або дапушчальныя ўмовы працы.
У Мінпрацы паведамілі, што 15 прафесіяў перавялі са спісу № 1 у спіс № 2 – іх больш не далучаюць да асабліва шкодных і асабліва цяжкіх відаў работаў.
Перагляд, як запэўніваюць ва ўрадзе, звязаны з неабходнасцю абнавіць спісы, якія дзеялі з 2005 года.
Што за прафесіі закранулі змены – не паведамляецца. Вылучыць іх дакладна са спісаў даволі складана, бо змяніліся класіфікатары, некаторыя прафесіі былі перайменаваныя, аб’яднаныя ці разбітыя. Іншыя не былі цалкам выкрасленыя, але іх зрабілі залежнымі ад канкрэтных умоваў і месца працы. Праз гэта проста ўзяць і параўнаць два дакументы – новую пастанову і тую, што абавязвала з 2005 года, паводле прынцыпу «было – стала» немагчыма.
Але дакладна менш шкоднымі цяпер прызналі працу газавікоў, кіроўцаў у пэўных умовах, качагараў, шэрагу апаратчыкаў, працаўнікоў некаторых будаўнічых спецыяльнасцяў.
«Хто ацэньваў умовы працы?»
Аліса Рыжычэнка, эканамістка, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях эканомікі і фінансаў, кажа, што галоўны фактар ува ўсіх гэтых зменах – эканамічны:
«Нагрузка на пенсійны фонд расце штогод. Пры гэтым у нас насельніцтва старэе, колькасць занятых таксама скарачаецца, у тым ліку праз міграцыю ў іншыя краіны. Яшчэ два гады таму раслі заробкі, а сёння мы ўжо назіраем, як тэмп запавольваецца, і хочацца сказаць, што будзе яшчэ горш, бо і санкцыі паўплываюць, і тое, што адбываецца ў Расеі, дзе ў эканоміцы рэцэсія. Гэта наўпрост адбіваецца на беларускай эканоміцы».
Эканамістка зазначае, што даволі складана зразумець, якія ж прафесіі былі выкрасленыя, якія перанесеныя, а якія цяпер кваліфікуюцца паводле іншых крытэраў – спісы складзеныя так, што звычайнаму чалавеку ў іх няпроста разабрацца. Таксама экспертка задаецца пытаннем, навошта было выключаць са спісу асабліва шкодных і цяжкіх тыя, якіх, паводле складальнікаў дакументу, ужо няма ў эканоміцы Беларусі.
Што гэта за прафесіі, якіх ужо няма ў беларускай эканоміцы, таксама не пералічваецца.
Не менш пытанняў выклікаюць 356 прафесіяў, наконт якіх улады пастанавілі, што цяпер яны не такія шкодныя, як раней, і іх умовы ўжо лепшыя, таму датэрміновую пенсію больш не дадуць.
«Але як ацэньвалі гэтыя ўмовы? Сёння, напрыклад, на кожны другі завод ці прадпрыемства ты можаш зайсці і сказаць, што там вельмі дрэнныя ўмовы для працы, бо на некаторых заводах у Менску і Менскай вобласці няма ацяплення зімой. Таму тут вялікае пытанне да таго, хто ацэньваў гэтыя ўмовы працы», – кажа прадстаўніца АПК.
Далей – падвышэнне пенсійнага веку?
Але ў любым выпадку першасная прычына змяненняў – тое, што «ў Фондзе сацыяльнай абароны бракуе грошай», бо ён «субсідуецца з дзяржаўнага бюджэту», з якога за апошні год было ўжо выдадзена ў ФСАН каля двух мільярдаў рублёў.
Рыжычэнка зазначае: беларусы абіраюць працу ў цяжкіх і шкодных умовах не праз тое, што хочуць гэтага, імкнуцца менавіта ў гэтыя прафесіі, а таму, што часта больш няма дзе працаваць. Асабліва гэта датычыць рэгіёнаў. Прыватны бізнес, які ствараў самыя добрыя працоўныя месцы, у Беларусі працягваюць душыць, таму людзі ідуць на дзяржаўныя прадпрыемствы, у тым ліку, на шкодную вытворчасць, за якую цяпер і датэрміновай пенсіі не атрымаюць.
Цяжка сказаць, якую суму зможа атрымаць дзяржава за кошт скарачэння спісу асабліва небяспечных прафесіяў, але пэўная эканомія для пенсійнага фонду, вядома, будзе, кажа эканамістка, і прагназуе, што гэта можа быць адным з крокаў у кірунку падвышэння пенсійнага веку.
«Гэта першы крок, потым будуць нейкія яшчэ захады, потым яшчэ. Бо ў нас насамрэч існуе вялікая праблема з пенсійным фондам і з выплатамі пенсіяў. Ужо праз 10 гадоў, калі працягнецца эміграцыя тымі жа тэмпамі, калі будзе так скарачацца насельніцтва ў краіне, паўстане сур’ёзнае пытанне, чым плаціць пенсію», – кажа Рыжычэнка.
«Працаўнікі не маюць інструментаў, каб сябе абараніць»
Паводле эканамісткі, беларуская пенсійная сістэма патрабуе сістэмных рэформаў, бо маленькімі крокамі, якімі ўлады спрабуюць ашчаджаць, сітуацыі не выправіш. Акрамя таго, трэба не толькі ствараць эфектыўную пенсійную сістэму, але і падвышаць узровень даверу да ўладаў, дзяржаўных інстытутаў. Тады, калі людзі будуць давяраць інстытутам і інвеставаць, магчыма будзе зрабіць назапашвальную сістэму пенсіяў, а не размеркавальную, як цяпер.
Актывіст дэмакратычнага прафсаюзнага руху Дзяніс Садоўскі кажа, што абнаўленне спісаў небяспечных прафесіяў – працяг палітыкі скарачэння сацыяльных гарантыяў і выдаткаў на пенсіі, хоць афіцыйна ўлады і кажуць, «што гэта проста «актуалізацыя» – маўляў, умовы працы змяніліся, тэхналогіі сталі больш бяспечныя, таму спісы трэба перагледзець». Але на фоне таго, што насельніцтва скарачаецца, працоўных рук усё менш, гэта спроба зменшыць нагрузку на пенсійную сістэму, якая толькі расце.
«Паніжэнне» статусу некаторых прафесіяў і адмена датэрміновай пенсіі для іх – гэта, вядома, «мінус да сацыяльных гарантыяў для працаўнікоў», заўважае Садоўскі:
«У першую чаргу для тых, хто працуе ў шкодных умовах і раней меў права на датэрміновую пенсію. Пры гэтым выглядае, што рашэнні прымаюцца не на падставе незалежнай экспертызы, а, хутчэй, з логікі «трэба ашчаджаць».
Становішча беларусаў, якіх закрануць гэтыя змяненні, ускладняюцца яшчэ і тым, што ў сітуацыі, калі незалежныя прафсаюзы фактычна знішчаныя, «працаўнікі проста не маюць інструментаў, каб гэта аспрэчваць або сябе абараніць», рэзюмуе прадстаўнік прафсаюзнага руху.
Пастанова набудзе моц 1 ліпеня. Вынікі атэстацыі працоўных месцаў, праведзенай да 1 ліпеня 2026 года, надалей будуць дзеяць да заканчэння тэрміну і выкарыстоўвацца для прафесійнага пенсійнага страхавання.
Датэрміновая прафесійная пенсія ў Беларусі прызначаецца работнікам, занятым на шкодных, небяспечных або цяжкіх работах. У залежнасці ад умоваў працы выйсці на пенсію можна раней на 5–10 гадоў.
Гэтак, паводле спісу № 1, для найбольш шкодных і небяспечных працаў (напрыклад, звальшчыкі лесу, праходчыкі, машыністы кранаў, электрамеханікі падземных участкаў, тэрмісты) пенсію прызначаюць на 10 гадоў раней: мужчынам пры стажы не менш як 10 гадоў, жанчынам – не менш як 7,5 года. Паводле спісу № 2 – для шкодных і цяжкіх працаў (у тым ліку асфальтабетоншчыкі, газарэзчыкі, муляры, маляры, манцёры каляінаў, электразваршчыкі) – на 5 гадоў раней: мужчынам пры стажы не менш як 12,5 года, жанчынам – не менш як 10 гадоў.
Белсат
