сустрэча з Бяляцкім

20 красавіка ў Варшаўскім універсітэце адбылася сустрэча з Нобелеўскім лаўрэатам, праваабаронцам і літаратуразнаўцам Алесем Бяляцкім.

Сустрэча прайшла на адным дыханні ў форме пытанняў і адказаў. Адкрыў яе дырэктар Studium Europy Wschodnej Ян Маліцкі. Пытанні былі самыя розныя. Алесь Бяляцкі адказваў лаканічна і цікава. Шмат гаварылася пра «Вясну» і родную беларускую мову. Асаблівую ўвагу звярнуў на сябе адказ Бяляцкага на пытанне Яраслава Іванюка – журналіста і выдаўца толькі беларускамоўнай літаратуры наконт перавагі друку на беларускай, ці на на беларускай і рускай мовах, як робяць некаторыя з выдаўцоў.

Гаворыць Алесь Бяляцкі:

-Калі мы робім штосьці для беларусаў і беларускай культуры, мы павінны выкарыстоўваць беларускую мову, таму што гэта ёсць элемент нашай духоўнай культуры. І калі мы хочам захавацца народам на бліжэйшыя 200 гадоў, мы павінны выкарыстоўваць беларускую мову. Таму што без мовы мы размыемся, нас проста расцягнуць на кускі. Трэба выдаваць кніжкі на беларускай мове, па-руску кніжкі  трэба выдаваць у Расеі.

Скончылася імпрэза доўгай чаргой з жадаючых атрымаць аўтограф Алеся ў бальшыні на кнізе «Алесь Бяляцкі», выдадзенай ПЭНам у 2022 годзе і прэзентаванай пад час сустрэчы.