
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International 21 красавіка прэзэнтавала чарговы даклад аб сытуацыі з правамі чалавека ў сьвеце ў 2025-26 гадах. Асобны разьдзел у ім пра Беларусь.
У дакладзе Amnesty International гаворыцца аб пачатку «новай эры», калі сусьветны парадак разбураецца, а правы чалавека не абароненыя. Сьвет знаходзіцца на парозе небясьпечнай новай эры, якая выклікана нападамі магутных дзяржаў, карпарацый і антыправавых рухаў на разнастайнасьць, міжнароднае права і правы чалавека, заявіла «Amnesty International», прадстаўляючы свой штогадовы даклад «Стан правоў чалавека ў сьвеце».
Як сказала генэральны сакратар арганізацыі, француская праваабаронца Аньес Калямар, «сытуацыя з нападамі на грамадзянскую супольнасьць і грамадзкія рухі пагоршылася ў 2025 годзе, прычым пастаянныя намаганьні па прымушэньні да маўчаньня і пазбаўленьні правоў праваабаронцаў, арганізацый і дысыдэнтаў распаўсюдзіліся амаль на ўсе часткі сьвету».
Парадак, заснаваны на правілах, на вачах разбураецца, а разам зь ім такія дасягненьні чалавецтва, як адмова ад расавай дыскрымінацыі і гвалту ў адносінах да жанчын, замацаваньне правоў работнікаў і прафсаюзаў, прызнаньне правоў карэнных народаў, барацьба з беднасьцю, умацаваньне рэпрадуктыўных правоў і правасудзьдзе, заяўляюць праваабаронцы.
«Сусьветныя лідэры занадта пакорліва ставяцца да нападак на міжнароднае права і сыстэму шматстайнасьці. Іх маўчаньне і бязьдзейнасьць недаравальныя. Гэтае маральнае банкруцтва не прывядзе ні да чаго, акрамя адступленьня, паражэньня і зьнішчэньня цяжка здабытых дасягненьняў у галіне правоў чалавека. Супакойваць агрэсараў — значыць падліваць алею ў агонь, які спаліць нас усіх і апячэ будучыню для будучых пакаленьняў», — заявіла Аньес Калямар.
Што ў дакладзе пра Беларусь
Асобны разьдзел дакоалу прысьвечаны Беларусі. Amnesty International канстатавала: сытуацыя з правамі чалавека тут застаецца нязьменна крытычнай.
«Правы на свабоду выказваньня меркаваньняў, сходаў і асацыяцый заставаліся сур’ёзна абмежаванымі. Урад імкнуўся рэпрэсаваць рэлігійныя меншасьці праз абавязковы, непразрысты працэс рэгістрацыі. Сыстэма правасудзьдзя выкарыстоўвалася для ўціску іншадумства. Катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня былі распаўсюджанымі, а беспакаранасьць панавала. Бежанцы і мігранты цярпелі ад злоўжываньняў з боку ўладаў», — гаворыцца ў справаздачы.
Праваабаронцы сярод іншага пішуць, што Аляксандр Лукашэнка быў пераабраны ў атмасфэры поўнага страху і рэпрэсій, Беларусь захавала цесныя палітычныя, эканамічныя і вайсковыя сувязі з Расеяй, разьмясьціўшы яе войскі і праводзячы сумесныя вучэньні.
Працяглая эміграцыя, у тым ліку ў адказ на рэпрэсіі пасьля выбараў у 2020 годзе, паглыбіла дэфіцыт працоўнай сілы, а ўлады працягвалі дамагацца вяртаньня эмігрантаў, адмаўляючы ім у консульскіх паслугах за мяжой.
Аднак, пасьля дыпляматычных захадаў ЗША, у тым ліку зьняцьця некаторых санкцый, якія, як мяркуецца, былі зроблены ў абмен на вызваленьне вязьняў, свабода выказваньня меркаваньняў застаецца моцна абмежаванай, піша арганізацыя.
Сьпіс «экстрэмістаў» пашыраецца
Улады працягвалі называць СМІ, якія трансьлююць іншую пазыцыю, «экстрэмісцкімі», і штомесяц адвольна дадавалі каля 100 чалавек у «Сьпіс асоб, якія ўдзельнічаюць у экстрэмісцкай дзейнасьці». Па стане на сьнежань гэты сьпіс утрымліваў 6127 чалавек, — заяўляюць праваабаронцы.
Арганізацыі, якія публікавалі, распаўсюджвалі або стваралі «экстрэмісцкі» кантэнт, або былі зьвязаны з асобамі са сьпісу, былі забароненыя. Любая сувязь зь імі або ўдзел у іх дзейнасьці зьяўлялася правапарушэньнем. Па стане на сьнежань 28 супрацоўнікаў СМІ знаходзіліся ў турме за сваю прафэсійную дзейнасьць.
Паводле БАЖ, па стане на 21 красавіка ў зьняволеньні цяпер 23 супрацоўніка мэдыяў.
Закрыцьцё грамадзкіх арганізацый
Працягваюцца нападкі ўраду на свабоду асацыяцый. Удзел у гвалтоўна закрытых, прыпыненых або не рэгістраваных няўрадавых абʼяднаньнях і палітычных ці рэлігійных арганізацыях заставаўся крыміналізаваным і караўся штрафамі і пазбаўленьнем волі.
Па стане на сьнежань 2025-га, 99 грамадзкіх арганізацый, у тым ліку незалежныя няўрадавыя арганізацыі, і прафсаюзы, былі закрытыя або вырашылі самараспусьціцца на працягу году з-за сурʼёзных заканадаўчых абмежаваньняў, умяшаньня ўладаў і фінансавых цяжкасьцей.
Перасьлед рэлігійных арганізацый і духавенства, якія не падпарадкоўваліся ўладам, працягваецца. Рэлігійныя арганізацыі, якія не прайшлі абавязковую перарэгістрацыю, на працягу папярэдніх 12 месяцаў, сталі падлягаць закрыцьцю паводле рашэньня суду.
Перасьлед апазыцыі
Улады працягвалі злоўжываць сыстэмай правасудзьдзя, каб прымусіць замоўчваць і караць нязгодных і апазыцыю. Сотні людзей, у тым ліку праваабаронцы, іншыя актывісты, супрацоўнікі СМІ і юрысты, працягвалі адбываць працяглыя тэрміны пазбаўленыя волі, вынесеныя пасьля несправядлівых, палітычна матываваных судовых працэсаў. Больш за 170 ахвяр палітычна матываванага зьняволеньня былі вызваленыя датэрмінова, паміж чэрвенем і сьнежнем, у рамках пагадненьня, дасягнутага ЗША.
Сярод іх былі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, лідэры апазыцыі Марыя Калесьнікава і Віктар Бабарыка, а таксама некалькі іншых вядомых заняволеных, некаторыя з якіх доўгі час знаходзіліся ў ізаляцыі. Аднак шмат людзей працягвалі падвяргацца адвольным перасьледам і турэмнаму зьняволеньню. Паводле «Вясны» па стане6 на 21 красавіка ў Беларусі 864 чалавекі несправядліва знаходзяцца ў турме.
Завочныя суды
У верасьні ААН выказала занепакоенасьць з нагоды павелічэньня колькасьці судовых працэсаў, якія праводзяцца ў адсутнасьць абвінавачаных. Зацікаўленыя асобы даведваліся пра свой перасьлед выпадкова, не ведалі аб абвінавачваньнях і падставах асуджэньня і былі пазбаўленыя прававой абароны. Катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня падчас зьняволеньня, у тым ліку сэксуальны гвалт, заставаліся распаўсюджанымі, а вінаватыя заставаліся беспакаранымі. Асобы, асуджаныя па палітычна матываваных абвінавачваньнях, падвяргаюцца жорсткай апрацоўцы ў турэмных калёніях. Ім адмаўляюць у кантактах са зьнешнім сьветам, належнай мэдыцынскай дапамозе, часта зьмяшчаюць у штрафныя ізалятары на працяглыя тэрміны.
Сьмерці за кратамі
Паводле зьвестак Праваабарончага цэнтра «Вясна», зьняволеныя падвяргаліся прымусовай працы, пад пагрозай пакараньня і ў прыніжальных для жыцьця ўмовах.
У дакладзе заяўлена пра прынамсі дзьве ахвяры палітычна матываванага перасьледу, гэта Валянцін Штэрмер і Андрэй Паднябенны, якія памерлі падчас знаходжаньня пад вартай, што давяло агульную колькасьць сьмерцяў пасьля 2020 года да дзевяці.
Радыё Свабода
