краты

Эксперты ААН выказалі сур’ёзную занепакоенасць паведамленнямі аб працяглым утрыманні зняволеных без сувязі са знешнім светам і ўмовамі ўтрымання ў папраўчай калоніі ў Наваполацку.

«Атрыманая намі інфармацыя сведчыць пра вельмі трывожную практыку ўтрымання пад вартай, якая можа ўяўляць сабой сур’ёзныя парушэнні міжнароднага права», — заявілі эксперты.

«Мы глыбока занепакоеныя тым, што зняволеныя ў Наваполацкай калоніі могуць зазнаваць працяглае адзіночнае зняволенне, дысцыплінарныя спагнанні і фізічныя пакаранні пасля спробаў самагубства, пазбаўленне неабходнай медычнай дапамогі і рэпрэсіі за спробы падаць скаргі — асабліва пасля канфідэнцыйных сустрэч з псіхолагам калоніі», — адзначылі яны.

«У выпадку пацверджання такія практыкі могуць кваліфікавацца як катаванні і жорсткае абыходжанне, а ў пэўных абставінах — як гвалтоўныя знікненні. І катаванні, і гвалтоўныя знікненні забароненыя міжнародным правам, уключна з нормамі звычайнага міжнароднага права», — папярэдзілі яны.

«Смерці ў месцах пазбаўлення волі на фоне паведамленняў аб ізаляцыі, пазбаўленні медычнай дапамогі і ўтойванні інфармацыі ад сем’яў выклікаюць самыя сур’ёзныя асцярогі з пункту гледжання міжнароднага права, уключна з правам на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць, здароўе, а таксама забарону катаванняў і гвалтоўных знікненняў», — падкрэслілі эксперты.

«Мы заклікаем улады Беларусі забяспечыць гуманныя ўмовы ўтрымання, гарантаваць доступ да незалежнай медычнай і псіхалагічнай дапамогі і правесці надзейныя расследаванні ўсіх выпадкаў смерці і сур’ёзных траўмаў у месцах пазбаўлення волі. Неабходна таксама прыняць меры для прадухілення падобных парушэнняў і забяспечыць абарону зняволеных ад рэпрэсій за падачу скаргаў».

16 сакавіка 2026 года эксперты накіравалі зварот ураду Беларусі.