Сенат Рэспублікі Польшча прыняў заяву, прысвечаную пятай гадавіне зняволення Анджэя Пачобута — журналіста, аднаго з лідараў польскай меншасці ў Беларусі і лаўрэата прэміі імя Андрэя Сахарава.

У дакуменце польскія сенатары нагадалі пра ўласны гістарычны досвед барацьбы за правы чалавека і дзяржаўны суверэнітэт, выказаўшы поўную салідарнасць з беларускімі змагарамі за дэмакратыю і свабоду.
«У пятую гадавіну зняволення Анджэя Пачобута мы зноў заклікаем беларускія ўлады да яго неадкладнага вызвалення», — гаворыцца ў заяве.
Асобна Сенат адзначыў 30-годдзе незалежнага Праваабарончага цэнтра «Вясна», падкрэсліўшы, што намаганні і ахвяры беларускіх праваабаронцаў павінны стаць фундаментам будучай свабоднай Беларусі.
Польскія сенатары таксама звярнуліся да ўладаў у Менску з заклікам спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітычных вязняў і распачаць палітычны дыялог з апазіцыйнымі сіламі як унутры краіны, так і ў эміграцыі, дзеля аднаўлення міру, грамадскай стабільнасці і магчымасці рэалізацыі еўрапейскіх і дэмакратычных памкненняў беларускага грамадства.
Паводле польскага боку, Анджэй Пачобут застаецца адным з найбольш вядомых беларускіх палітвязняў, а яго вызваленне — адным з ключавых патрабаванняў міжнароднай супольнасці.
