
фота ілюстрацыйнае
Грамадзянін Беларусі пачаў змагацца з адвольным тлумачэньнем праўных актаў і перамог.
Telegram-канал Złoty Dzik расказаў гісторыю беларуса, які мае дакумэнт пра сталы побыт у Польшчы. У мужчыны скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарту, а тым часам ён захацеў зьмяніць дамову з апэратарам сувязі Play. Гэтага зрабіць яму не далі.
Спачатку апэратар адказаў, што для афармленьня паслуг прымае толькі пашпарт або пасьведчаньне асобы, прынятае ў Эўразьвязе. Фактычна гэта азначае, што калі пашпарт пратэрмінаваны, падключыць мабільную сувязь або інтэрнэт немагчыма.
Беларус не пагадзіўся і напісаў у падтрымку, спаслаўшыся на афіцыйныя крыніцы. Ён напісаў апэратару, што ў Польшчы для замежнікаў дакумэнтамі, якія сьведчаць асобу, могуць быць ня толькі пашпарт, але й карта побыту, а таксама:
- польскі дакумэнт пасьведчаньня асобы замежніка (polski dokument tożsamości cudzoziemca);
- часовае пасьведчанне асобы замежніка (tymczasowe zaświadczenie tożsamości cudzoziemca);
- праязны дакумэнт, прадугледжаны Жэнэўскай канвэнцыяй аб статусе ўцекачоў (dokument podróży przewidziany w Konwencji Genewskiej dotyczącej statusu uchodźców);
- дакумэнт, што пацьвярджае наяўнасьць згоды на «талерантнае перабываньне» (dokument potwierdzający posiadanie zgody na pobyt tolerowany o nazwie «zgoda na pobyt tolerowany»).
Пасьля гэтага звароту беларуса апэратар PLAY зьмяніў пазыцыю. У фінальным адказе апэратар удакладніў, што прымае ў якасьці падставы пашпарт, пасьведчаньне асобы эўрапейскага ўзору і карту побыту.
Гэта значыць у беларусаў, у якіх скончыўся пашпарт і няма дзейнага дазволу на жыхарства, пры падключэньні сувязі або зьмене зьвестак у апэратара могуць паўстаць праблемы, адзначае Złoty Dzik. У разгляданым выпадку беларусу было прасьцей давесьці сваю праўду, бо ён ужо мае дазвол на сталае жыхарства ў Польшчы.
Радыё Свабода
