Уладзімір Целяпун

Шмат каму ў Мазыры і наваколлі вядомае імя мазырскага праваабаронцы Уладзіміра Целепуна. Амаль тры дзесяцігоддзі ён дапамагаў людзям Палесся бараніць свае правы. А яшчэ раней, ён дапамагаў палешукам ратавацца ад страшэннага і нябачнага ворага – радыяцыі.

26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі здарылася аварыя, якая выклікала выбух, разбурэнне рэактара і некантраляваны выкід у навакольнае асяроддзе велізарнай колькасці радыёактыўных элементаў. Радыяцыю немагчыма ўбачыць, панюхаць ці памацаць. А патрэбных прыладаў для яе вымярэння тады амаль ні ў каго не было. Улады ж, тады яшчэ савецкія, ды іхнія мясцовыя падначаленыя і ў савецкай Беларусі, і ў савецкай Украіне хавалі ад грамадства праўду пра жахлівыя наступствы гэтай экалагічнай катастрофы.

Адным з тых, каго лёс закінуў у непасрэдную блізкасць да эпіцентру пекла стаў малады мазырскі тэхнолаг Уладзімір Целяпун. Ён удзельнічаў у эвакуацыі людзей з населеных пунктаў, якія падлягалі адсяленню праз відавочную небяспеку жыцця там. Гэта вёскі Нараўлянскага і Хойніцкага раёнаў, а таксама на тэрыторыі Украіны. Адтуль спаруды ЧАЭС бачныя нават без бінокляў. Натуральна, што там Уладзімір атрымаў значную дозу радыёактыўнага апраменьвання. І праз час яно нагадала пра сябе.

Значна пазней, калі ў Беларусі ўжо ўсталявалася жорсткая аўтарытарная сістэма, Уладзімір Целяпун стаў займацца абаронай правоў чалавека, якія кожны жыхар планеты мае проста па факце свайго існавання і якія ўпарта ігнаруе ўлада Беларусі. Шмат у чым ягоная праваабарончая дзейнасць была звязаная і з сёняшняй датай. Штогод, напярэдадні 26 красавіка Целепуна затрымлівалі, везлі ў РАУС на нейкія гутаркі, альбо выпраўлялі да яго ўчастковых ды іншых міліцыянтаў. Яны запалохвалі яго пакараннямі за ўдзел у акцыях памяці ахвяраў Чарнобыля, якія ладзіліся ў Менску.

А некалькі спробаў правесці нейкія захады памяці гэтае даты ў Мазыры, дзе б ліквідатары без уладнай цэнзуры маглі распавесці пра тое, што іх сапраўды хвалюе,  наштурхоўваліся на забароны ад уладаў. У Мазыры адбываліся толькі арганізаваныя райвыканкамам фармальныя мітынгы-рэквіемы. І нават на іх кіраўніцтва карных органаў прымудралася неяк упікнуць Уладзіміра Целепуна. Напрыклад, у 2012 годзе начальнік мазырскіх міліцыянтаў Пятро Зыкун забараняў Целепуну рабіць фотаздымкі калегаў-ліквідатараў.

Уладзімір Целяпун падчас мітынгу-рэквіему памяці ахвяраў катастрофы на ЧАЭС. 2012 год.

У 2013 годзе ўлады Беларусі ўвогуле знішчылі ў нарматыўнай базе паняцце “ліквідатар наступстваў аварыі на ЧАЭС” і прыраўнялі іх проста да “пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС”. Улады такім чынам эканомілі на сацыяльных выплатах тым, хто ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі, шматкроць вяртаючыся ў небяспечныя зоны.

А вось ва Украіне пра беларускіх ліквідатараў, у тым ліку і пра Уладзіміра Целепуна, памяталі. У 2011 годзе яго ўзнагародзілі ўкраінскай узнагародай “Чорнобильский Хрест: Мужність. Честь. Гуманність” ад імя Усеўкраінскай грамадскай арганізацыі “Саюз Чарнобыль Украіны”.

Праваабарончая дзейнасць Уладзіміра Целепуна была шырока вядомаю ў дэмакратычных колах Беларусі і заўважнаю ў Мазыры. Ён дамагаўся ад мясцовых уладаў празрыстых умоваў рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і свабоду выказвання меркаванняў. Але ўладная глухая сцяна так і заставалася непрабівальнай аж да надыходу прававога безладу, які працягваецца з 2020 года.

Уладзімір Целяпун на закратаваным стадыёне, які ўлады Мазыра прызначылі месцам правядзення непраўладных мірных сходаў. 2011 год.

Уладзімір Целяпун некалькі разоў патрапляў у ненажэрны махавік рэпрэсіяў. Яго паўмесяца трымалі ў катавальных умовах палітычнага адміністрацыйнага арышту ў ізалятары Мазырскага РАУС без бялізны, перадачаў і з бесчалавечным стаўленнем. Арышт яму прызначылі з надуманых падставаў за звычайны распаўсюд нейкай інфармацыі, якую самі ж улады абвясцілі “экстрэмісцкай”.

Паводле міжнародных праваабарончых стандартаў любое зняволенне, звязанае з рэалізацыяй права, гарантаванага артыкулам 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, з’яўляецца адвольным затрыманнем і наўпрост забароненае адпаведнай канвенцыяй ААН. А права на свабоду пошуку, атрымання і распаўсюду інфармацыі якраз гарантуецца 19-м артыкулам УДПЧ.

На жаль, атрыманыя ў 1980-я дозы ізатопаў нагадалі пра сябе ўжо ў сталым узросце. Лекары дыягнаставалі ў Целепуна анкалагічнае захворванне. Ён некалькі гадоў змагаецца з ім. Але яно ускладнілася пасля катаванняў падчас паўмесячнага арышту ў пачатку 2025 года.

На жаль, і сёняшнюю 40-ю гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай АЭС ліквідатар наступстваў аварыі на ЧАЭС і праваабаронца Уладзімір Целяпун сустракае у вязніцы. Прычым, пакуль яшчэ невядома ў якой менавіта. Яго затрымалі прыблізна ў 10-х чыслах красавіка. Як паведамляюць праваабаронцам жыхары Мазыра, станам на ўчорашні дзень яго дома не было. Не выключана, што карныя структуры кіроўнага ў Беларусі рэжыму спрабуюць сфабрыкаваць на яго крымінальную справу.

Гомельская Вясна