Не паспела навуковая супольнасць асэнсаваць сенсацыйную знаходку на тэрыторыі гродзенскага Новага замка, як археалагічны аб’ект зноў схавалі пад зямлю. Парэшткі манументальнага храма ХІІ стагоддзя, знойдзеныя падчас работ па добраўпарадкаванні, вырашылі закансерваваць да лепшых часоў.

Раскопкі ў Гародні
Раскопкі на тэрыторыі Новага замка ў Гародні, падчас якіх былі выяўлены падмуркі храма XII стагоддзя. Фота: БелТА

Сляды дынастыі Усеваладавічаў

Здагадкі даследчыкаў аб тым, што адкрыты фрагмент сцяны належыць менавіта культаваму збудаванню часоў Старажытнай Русі, цалкам пацвердзіліся падчас расчысткі раскопу. Археолагі знайшлі масіўныя падмуркі, разбітыя керамічныя збаны-галаснікі і плінфу. Параметры збудавання ўражваюць: таўшчыня звычайных сцен складала каля 1,4 метра, а ў месцах апор, на якія абапіраліся скляпенні, дасягала 2,15 метра.

Галоўным доказам датавання стаў знойдзены на адной са сцен двузубец — радавы знак гродзенскіх князёў з дынастыі Усеваладавічаў, галіны Рурыкавічаў. Гэта канчаткова прывязвае пабудову да перыяду найвышэйшага росквіту незалежнага Гродзенскага княства.

Як мы пісалі раней, па сваім архітэктурным стылі пабудова вельмі блізкая да знакамітай Барысаглебскай (Каложскай) царквы, пра што, у прыватнасці, сведчыць знойдзеная раскрапаваная пілястра са скругленым цэнтральным выступам.

Раскопкі ў Гародні
Раскрапаваная трохступеньчатая пілястра царквы XII стагоддзя ў раскопе на тэрыторыі Новага замка. Фота ўдзельнікаў раскопак

Гісторыкі мяркуюць, што перад імі, пэўна, рэшткі першапачатковай Васкрасенскай царквы. Верагодна, яна была разбураная падчас сістэматычных набегаў крыжакоў, якія пачаліся з канца XIII стагоддзя, а пасля паўстала нейкая новая Васкрасенская царква, якая была знесена ў пачатку XVII стагоддзя. 

Як расказаў у рэпартажы тэлерадыёкампаніі «Гродна» дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка, наяўнасць такога манументальнага збудавання лішні раз сведчыць пра эканамічную магутнасць горада ў эпоху Сярэднявечча.

Раскопкі ў Гародні
Раскопкі на тэрыторыі Новага замка ў Гародні, у час якіх былі выяўлены падмуркі храма XII стагоддзя. Фота: БелТА

«Нам на сёння вядома, што на адносна невялікай тэрыторыі ў тую эпоху былі ўзведзеныя некалькі каменных цэркваў: Прачысценская каля Свята-Раства-Багародзіцкага манастыра, дзеючая дагэтуль Каложская, Ніжняя царква ў двары Старога замка, малая царква паблізу пажарнай каланчы і гэты храм, падмурак якога цяпер знойдзены. Можна казаць, што гэта сведчыць аб тым, што Гродзенскае княства было дастаткова багатым, квітнеючым, каб дазволіць сабе такое будаўніцтва.

Гэтая царква магла быць пасадскай, яе маглі наведваць рамеснікі і гандляры, якія жылі паблізу замкавых сцен», — патлумачыў дырэктар музея.

Схавана да лепшых часоў

Раскопкі ў Гародні
Каля паловы падмуркаў храма XII стагоддзя схавана пад паўночным флігелем пры палацавай браме, што не дае раскрыць археалагічны помнік цалкам. Фота: БелТА

Нягледзячы на ўнікальнасць аб’екта, паўнавартасныя маштабныя раскопкі праводзіць не сталі. Высветлілася, што значная частка храма (каля паловы яго плошчы) знаходзіцца непасрэдна пад будынкам былога архіва — паўночным флігелем Новага замка. Поўнае раскрыццё муроўкі запатрабавала б велізарных фінансавых выдаткаў, часу і прымянення складаных тэхналогій, каб гарантаваць бяспеку гістарычнага будынка зверху. На гэты момант такія працы ў планах не прадугледжаныя.

Таму было прынятае прагматычнае рашэнне аб кансервацыі помніка. Перад тым як закапаць траншэю, спецыялісты з дапамогай высокадакладных прыбораў зрабілі каардынатную прывязку аб’екта і нанеслі яго на план. Усе найбольш цікавыя і рухомыя артэфакты былі вынятыя і зафіксаваныя.

Як адзначаюць спецыялісты, акуратная засыпка — гэта надзейны спосаб абараніць унікальную гістарычную муроўку ад уздзеяння атмасферных ападкаў і перападаў тэмператур. Старажытны храм застанецца пад зямлёй да таго часу, пакуль не з’явяцца рэсурсы і тэхналогіі для яго поўнага даследавання і магчымай музеефікацыі.

Наша Ніва