
фота ілюстрацыйнае
У студзені – сакавіку 2026 года замежнікам у Польшчы далі 79 тысяч дазволаў на перабыванне. З іх 9 % – беларусам. Пазітыўнае рашэнне атрымалі 87 % разгледжаных справаў. Пра гэта піша Most са спасылкаю на справаздачу Управы справаў замежнікаў.
За першыя тры месяцы 2026 года ў Польшчы разгледжаныя 90,5 тысячы справаў. З іх наконт 79 тысячаў вынесеныя пазітыўныя рашэнні. Дазвол на часовае перабыванне ў першым квартале 2026-га атрымалі 70,5 тысячы замежнікаў, статус доўгачасовага рэзідэнта ЕЗ – 5 тысячаў, сталы побыт (сталы дазвол на жыхарства) – 3,5 тысячы.
Больш за ўсё ВНЖ атрымалі грамадзяне Украіны (69 %), 9 % дазволаў выдадзеныя грамадзянам Беларусі і 3 % – грамадзянам Індыі.
У 7 тысячах справаў рашэнні былі негатыўныя, а 4,5 тысячы справаў былі спыненыя. Адмовы ў часовым ВНЖ атрымалі 5,9 тысячы заяўнікаў, у статусе доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ – 671 чалавек, у сталым побыце – 619.
Пры гэтым заяваў на разгляд справаў за гэты ж перыяд падалі прыкладна ўдвая больш. За тры месяцы замежнікі падалі ў Польшчы 181,8 тысячы заяваў на ВНЖ, з іх 67 % прыпадае на грамадзянаў Украіны і 9 % – на грамадзянаў Беларусі.
Найчасцей замежнікі просяць аб часовым ВНЖ (168 тысяч заяваў), 7,8 тысячы заявак падалі на статус доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ і 5,9 тысячы – на сталы побыт.
Белсат
