фэст Лідбір

Фестываль Lidbeer у Лідзе пройдзе 29 жніўня. «Вам не падалося, Lidbeer’2026 быць», — напісалі ў сацсетках арганізатары.

Раней, у сакавіку, з’явілася інфармацыя, што фэст не адбудзецца «па прычынах, якія не залежаць ад арганізатараў».

Вяртанне фэсту патлумачылі тым, што сёлета адзначаецца 150-годдзе кампаніі «Лідскае піва». А таксама — наяўнасцю шматлікіх просьб вярнуць фэстываль.

Фэст Lidbeer — адзін з найбуйнейшых у Беларусі, штогод ён збірае больш за 100 тысяч гасцей. У 2023-м фестываль адбыўся ў верасні пасля трохгадовага перапынку. Яго прымеркавалі да 700-годдзя Ліды. Фэст быў бясплатны і з іншымі арганізатарамі. Хэдлайнерам стаў беларускі сімфанічны аркестр Classic Energy, чыім кавер-версіям Nirvana, Queen і Bon Jovi падпяваў шматтысячны натоўп.

У 2024 годзе замест фестывалю Lidbeer правялі «ХарчФэст», прысвечаны харчовай прамысловасці Гарадзенскай вобласці. Хэдлайнерам канцэрта была расейка Вольга Бузава, якая знаходзіцца пад санкцыямі за падтрымку вайны. У 2025-м сярод хэдлайнераў таксама былі расейскія выканаўцы.