Анджэй Пачобут

Анджэй Пачобут / кадр з відэа Gazeta Wyborcza

“Дактары кажуць, што неяк трымаюся. [Мой стан] лепш, чым я думаў”, — расказаў пра самапачуванне Анджэй Пачобут у першым відэа пасля вызвалення. Відэаролік з экс-палітвязнем размясціла ў сваіх сацсетках польская Gazeta Wyborcza.

Цяпер журналіст знаходзіцца ў шпіталі ў Варшаве.

У відэа ён звярнуўся да чытачоў выдання:

“Дарагія, гады працы ў Gazeta Wyborcza, гады працы, калі я апісваў падзеі ў Беларусі і іншых краінах, прывучылі мяне да павагі і ўважлівага стаўлення да слова. Слова — гэта сапраўды важна, нягледзячы на тое, што мы жывем у часы, калі і словы, і палітычныя перакананні можна лёгка мяняць. Ёсць непарушныя рэчы і ёсць ўстойлівыя людзі. Я жадаю вам усім, каб вы былі стойкімі ў тым, што робіце, і ў тым, у што верыце”.

Актывіст польскай меншасці, журналіст Анджэй Пачобут быў засуджаны рэжымам Лукашэнкі на восем гадоў пазбаўлення волі. Палітвязень адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. 28 красавіка яго перадалі Польшчы ў час абмену вязнямі “пяць на пяць”.