
«Свіслацкая газета» паспрабавала стварыць ідылічную карцінку пра яднанне мясцовай улады з народам, але замест народнай любові атрымала лавіну сарказму.
Фотаздымак, на якім кіраўнік раёна Андрэй Грыцкевіч выйшаў на вуліцы горада і сустрэў пажылую жанчыну падчас вулічнага шпацыру, выклікаў злую іронію ды абурэнне.
Задумка мясцовых ідэолагаў, відаць, была простай: паказаць, што мясцовы начальнік — просты чалавек. У сацсетцы Threads з’явіўся пост з подпісам: «Дзе яшчэ можна ўбачыць старшыню райвыканкама, які ідзе па горадзе з простымі жыхарамі і вырашае іх пытанні? Проста Свіслач. Проста Андрэй Грыцкевіч».
Фармулёўка пра «простых жыхароў» правяла мяжу паміж «небажыцелем» і астатнім насельніцтвам. Каментатары былі актыўнымі:
«А хто такі старшыня выканкама, каб яму не прайсціся з ПРОСТЫМІ жыхарамі? Ён складаны вельмі?»
«Пасаромеліся б такія пасты выкладваць. Гэта норма. Чыноўнік — такі ж грамадзянін. Ён проста выконвае працу, за якую яму плацяць».
Жыхары заўважылі, што жанчына на фота зусім не выглядае шчаслівай: «А бабуля ведае, што на яе ўжо міласць сышла?»
«Бог жа спусціўся з нябёсаў і ідзе, размаўляючы з нейкай халопкай! Дзе! Яшчэ! Вы! Такое! Убачыце!»
«Х*ра сабе небажыцель, старшыня райвыканкама».
«У нас каставая краіна ці людзей ужо падзялілі на саслоўі?»
«Пасаромеліся б такія пасты выкладваць, таму што гэта норма: чыноўнік — гэта такі ж грамадзянін, проста які выконвае пэўныя абавязкі, за якія яму плаціць дзяржава. А вось гэта «ідзе з простымі жыхарамі» — гэта проста брыдка і гнюсна чытаць».
Шмат хто кінуўся зусім у сарказм.
«Так! Бачыла яго ў цягніку! Ад пасцелі адмовіўся, кажа — дорага. Чай піў без цукру, пакецік цукру ў кішэню паклаў, кажа: «Дзеткам потым аддам у Свіслачы».
«Ага! Таксама яго бачыў. У Баранавічах на станцыі недакурак дабіць папрасіў. Грошай, кажа, зусім няма. Усё на лекі пенсіянерам Свіслачы выдаткаваў».
«Відавочна ж! На фота вунь як бег за пенсіянеркай, каб грошай на лекі даць! А яна, няўдзячная, яшчэ і вызверылася на яго (на другім фота). Паганы народзец!»
Не прайшлі міма карыстальнікаў і дэталі «выпадковага» здымка.
«Так нікога няма, людзей няма, намеснік Андрэя яго фоткае. Каго яму баяцца? Каму ён наогул патрэбны?»
«Сфоткай, тыпу насельніцтву дапамагаю».

Карыстальнікі пачалі параўноўваць свіслацкае цуда з сусветнай практыкай, дзе блізкасць улады да народа не з’яўляецца прадметам гонару.
«Тыдзень таму людзі проста сустрэлі Макрона на вуліцы. А ў Беларусі, калі маеш падтрымку 80%, трэба 20 машын аховы і верталёт».
«У любой цывілізаванай краіне гэта наёмны работнік, які ідзе на працу — гэта норма».
Для карыстальнікаў пост стаў сведчаннем таго, наколькі далёкай ад рэальнасці стала беларуская вертыкаль.
«Гэта геніяльны пост. Для нашчадкаў абавязкова трэба захаваць гэты «адбітак эпохі».
Наша Ніва
