Наўроцкі і Пачобут

Фота: Kancelaria Prezydenta RP.

Беларуска-польскі журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут атрымаў Ордэн Белага Арла — найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Польшчы. Урачыстая цырымонія адбылася падчас святкавання Дня Канстытуцыі 3 Мая ў Каралеўскім замку ў Варшаве.

Узнагароду Пачобуту ўручыў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі. Пасля ўручэння прысутныя сустрэлі журналіста працяглымі авацыямі.

«Сёння ў Каралеўскім замку сабраліся выключныя людзі, якім Рэч Паспалітая хоча выказаць падзяку», — адзначыў Наўроцкі пасля цырымоніі.

Ордэнам Белага Арла Пачобут быў узнагароджаны яшчэ 11 лістапада 2025 года — «за выбітныя заслугі ў дзейнасці на карысць палякаў у Беларусі, барацьбу за правы чалавека і нязломную пазіцыю перад адраджэннем таталітарных рэжымаў».

Некалькімі днямі раней Анджэй Пачобут выйшаў на волю пасля больш як пяці гадоў зняволення ў Беларусі. Яго вызваленне адбылося ў межах абмену паміж Польшчай і Беларуссю.