Вызваленне Андрэя Пачобута 28 красавіка стала сапраўдным трылерам, дзе галоўны герой да апошняга моманту адмаўляўся верыць сістэме, якая так спрабавала яго зламаць. Журналіст «Gazety Wyborczej», які прайшоў праз наваполацкую калонію і камеры-адзіночкі, нават на мяжы з Польшчай ставіў ультыматумы спецслужбам, патрабуючы гарантый вяртання ў родную Гародню. У вялікім інтэрв’ю «Wyborczej» ён расказаў падрабязнасці свайго зняволення.

Анджэй Пачобут
Фота: x.com / poczobut

«Я нікуды не еду, бо вам не веру»

Вызваленне пачалося а першай гадзіне ночы ў Наваполацку. Пачобут, як дасведчаны вязень, без лішніх пытанняў пачаў збіраць рэчы, рыхтуючыся да чарговага этапу. Падазрэнні, што нешта не так, з’явіліся, калі ахоўнікі дазволілі ўзяць з сабой ваду ў бутэльцы і пераабуцца — нечуваная раскоша для звычайнага пераводу. Замест менскай «Валадаркі» яго прывезлі ў Белавежскую пушчу.

«Там чакаў аўтамабіль, па маркіроўцы я пазнаў, што гэта КДБ. Людзі вакол яго таксама былі ў масках.

Без балаклавы быў толькі адзін чалавек, намеснік кіраўніка нейкага аддзела. Ён сказаў мне, што мы едзем на волю. І што калі я захачу, заўсёды змагу з Польшчы вярнуцца, беларускі бок да гэтага гатовы і згодны. А я яму: нікуды не еду, бо табе не веру. Тлумачу яму, што не маю нічога супраць выезду ў Польшчу, калі змагу вярнуцца ў Гародню. Толькі вось КДБ не веру. У іх замяшанне.

Тым часам мяне накармілі, я змог прыняць душ, далі новае адзенне, забралі мае лахманы», — расказвае Андрэй.

Пачобут кажа, што яго роба настолькі знасілася, што ён баяўся яе занадта часта мыць, бо тканіна магла разарвацца.

Каб пераканаць журналіста, уладам прыйшлося падключыць «цяжкую артылерыю».

— На месца прыехаў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. Перадаў, што сам Аляксандр Лукашэнка яму паабяцаў — а з гэтым прозвішчам жа не жартуюць — што я змагу вярнуцца ў Беларусь. Ніякіх праблем з гэтым не будзе. Ён паказаў мне фота, з якога вынікала, што ў абмен уцягнутыя амерыканцы.

Прыехала таксама Анжаліка Борыс, кіраўніца Саюза палякаў на Беларусі [арыштаваная ў 2021 годзе, вызваленая праз год з турмы]. Але самым важным для мяне было тое, што я змог пагаварыць па тэлефоне з польскім дыпламатам. Я паўтарыў яму, што гатовы выехаць, калі змагу вярнуцца. Хацеў з ім яшчэ пагаварыць, але мне яго больш не далі.

Андрэй расказаў, як яго кармілі, бо вязень вельмі шакаваў тым, як ён выглядае пасля зняволення. 

— Я стаў ахвярай тэрапіі, якую на турэмным слэнгу называюць «удар па тлушчах». Вязні атрымліваюць ежу, вага якой строга разлічана паводле пастановы МУС. А калі сядзіш у карцары, ежы яшчэ менш. Каша, бульба, трохі мяса. Пастаянны голад. Чалавек проста худзее.

Расейскі археолаг Буцягін скардзіўся ў расейскіх СМІ, што ў польскай турме з ім дрэнна абыходзіліся. Бо ён любіць апельсіны і мандарыны, а ў СІЗА не мог іх атрымаць.

— Цікава, як бы яму спадабалася ежа ў лагеры ў Наваполацку. Памятаю зняволенага там доктара, які адчайна корпаўся ў сметніцы, шукаючы рэшткі. Сям’я ад яго адмовілася, не дасылала яму ежу, — расказаў Андрэй.

Суд. «Я глядзеў ім у вочы з нянавісцю»

Пачобут апісаў свой працэс у Гародні, які пачаўся ў лютым 2023-га. Сістэма спрабавала стварыць карцінку прыніжанага ворага, загадваючы стаяць тварам да сцяны перад камерамі БелТА.

— Ахоўнікі кажуць мне: «Тварам да сцяны». А я ім цвёрда: «Не». Супрацоўнікі медыя былі здзіўленыя, што я гляджу ім усім у вочы. Я быў такі раз’юшаны, што калі б позіркам можна было іх падпаліць, яны б згарэлі ў гэтай зале за тое, што прыйшлі здымаць маё прыніжэнне.

На наступны дзень зноў тое самае. Міліцыя кажа: «Стань тварам да сцяны», зноў уваходзіць камера, паўтараюць: «Тварам да сцяны». А я кажу: «Ні ў якім разе». Што пакуль мяне здымаюць, я не буду выконваць гэты загад, бо лічу яго для сябе ганебным. Гэта я вырашаю, як людзі будуць мяне бачыць.

Абвінавачванні выглядалі сюррэалістычна: журналіста судзілі за гераізацыю Арміі Краёвай і спробу аддзяліць частку Беларусі на карысць Польшчы.

Доказамі служылі рассакрэчаныя пратаколы НКВД 1940‑х гадоў. Пачобут прынцыпова адмовіўся ад паказанняў, патрабаваў адваката і выступіў з апошнім словам на польскай мове, якое суддзя Бубенчык нават не дазволіў перакласці.

Ён кажа, што разумеў, што яго могуць затрымаць, але не хацеў уцякаць: «Тысячы нашых людзей жывуць у Беларусі, і я з імі. Я нясу за іх адказнасць. За тых палякаў, якіх я далучыў да дзейнасці Саюза палякаў».

Ён кажа, што быў перакананы, што калі ўцячэ, улады арыштуюць іншага польскага актывіста. І таму ён прыняў гэта на сябе. 

«Спецкалідор» і камера з педафілам

Турэмны досвед Пачобута ўключаў і псіхалагічныя катаванні. На Валадарцы яго спрабавалі засяліць у адну камеру з асуджаным за педафілію, спадзеючыся пусціць па турме пагалоску, якая б разбурыла яго рэпутацыю.

Андрэй учыніў скандал і дамогся, каб гвалтаўніка прыбралі. Пазней яго перавялі на «спецкалідор» — месца, дзе ўтрымліваюць смяротнікаў. Андрэй кажа, што яго там замкнулі, бо ён патрабаваў права пісаць лісты сыну па-польску.

«Тры адзіночныя камеры для тых, хто чакае расстрэлу… Я зразумеў, дзе я, калі пачуў, як камеры паміж сабой размаўлялі. Адзін хлопец казаў, што ў яго смяротны прысуд».

А потым надышоў дзень, калі арыштантаў выводзілі на шпацыр двойчы на ​​дзень.

— Я зразумеў, што ў спецыяльным калідоры нешта адбывалася, чаго мы не павінны былі чуць. 

Імаверна, адбыўся расстрэл.

Нават у такім жахлівым месцы Пачобут знайшоў спосаб здзекавацца з сістэмы. Калі да яго падсадзілі агента КДБ, Андрэй пачаў скормліваць яму гісторыі са сваіх старых артыкулаў. Даносчык старанна запісваў «сакрэты», якія куратары потым з мацюкамі знаходзілі ў Google.

Наваполацкая калонія

Наваполацкая калонія для Андрэя Пачобута стала месцам татальнага кантролю — за кожны крок да годнасці даводзілася плаціць месяцамі ў адзіночцы. 

Ён расказвае, што калонія ў Наваполацку заціснутая паміж гігантамі «Нафтан» і «Палімір». Гэта прамысловая зона, дзе галоўная праца для зэкаў — «самая паскудная» і небяспечная: абпальванне дроту ад ізаляцыі.

«Трэба паліць гуму пальнікам. Тут парушаюцца ўсе нормы бяспекі… Аднойчы над лагерам з’явіўся дрон МНС — пажарныя хацелі праверыць, адкуль гэты слуп чорнага дыму. А гэта вязні палілі ізаляцыю. Ахова адкрыла па дроне агонь».

Паводле слоў Пачобута, палітычныя працуюць там без перапынку, маючы толькі адзін выхадны ў нядзелю, у той час як іншыя зэкі — толькі два дні на тыдзень, бо працы на ўсіх няма. 

Пачобута спрабавалі там зламаць «паводле статута». Яго трэслі ператрусамі па два разы на дзень, калекцыянуючы дробныя парушэнні: напрыклад, за тое, што электрабрытва ляжала разам з зарадкай.

«Адзін вязень казаў, што 12 гадоў адседзеў і не бачыў, каб камусьці два разы на дзень рабілі поўную рэвізію. А рабілі гэта спецыяльна… Дастаткова адной недакладнасці, памылкі — і цябе адпраўляюць у ШІЗА».

ШІЗА — гэта бетонная скрыня, дзе спяць на дошках без коўдры ў жудасным холадзе.

Калі Пачобута ўрэшце выпусцілі адтуль, адміністрацыя падрыхтавала новую пастку: яго спрабавалі прымусіць чысціць прыбіральні. У турэмнай іерархіі гэта азначае статус парыі.

«Я адмовіўся. За гэта мяне адправілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Скончылася тым, што я правёў там шэсць месяцаў. Даводзілі да поўнага знясілення, ціск пастаянна скакаў. Палітычныя, якія мяне бачылі, хапаліся за галовы».

«Гэтая польскасць такая цяжкая»

Андрэй прызнаецца, што трымацца яму дапамагала памяць пра тых, хто прайшоў сталінскія лагеры.

Ад холаду ратаваўся спортам: «Мог зрабіць у адной серыі 140 адцісканняў».

Самым цяжкім выпрабаваннем была разлука з сям’ёй. У 2021‑м годзе ўлады нават спрабавалі арганізаваць спатканне з жонкай Аксанай так, каб яна сама пераканала яго з’ехаць. Не атрымалася.

«Я заўсёды казаў жонцы, што яна ведае, за каго выходзіць замуж. Я не змяніўся, я заўсёды быў такім».

«Я заўсёды хацеў пабачыць наваполацкі ГУЛАГ знутры. І мая цікаўнасць была задаволена. Я даведаўся, як працуе сістэма», — тлумачыць ён.

Для яго Лукашэнка і яго атачэнне — толькі вінцікі ў механізме.

І хоць ён разумее рызыку, журналіст хоча вярнуцца дадому.

«Калі ўпусцяць — добра. А калі пасадзяць зноў? Ну, то пасяджу. Нэльсан Мандэла столькі гадоў сядзеў, жаўнеры Арміі Краёвай сядзелі… — кажа ён.

Ён кажа, што польскасць у Беларусі — цяжкая справа:

«Адзін з нашых актывістаў з Памежжа, паэт, спытаў, чаму быць палякам так цяжка. Менавіта. На гэтай шыраце, на жаль, гэта так».

Паводле прагнозу Пачобута, Беларусь палітычна застаецца ў Азіі, дзе ўлада перадаецца ад бацькі да сына, а грамадства дэградуе да стану туркменскага ГУЛАГа, дзе людзі пачынаюць уцякаць ад аднаго толькі слова «палітыка».

У Беларусі нічога не зменіцца. Пасля Лукашэнкі будзе Лукашэнка, прагназуе ён. 

«Восенню 2022 года я размаўляў з адным туркменам пра таталітарызм у яго краіне. Ён сказаў, што нават будучы беларускім палітвязнем, я не магу ўявіць, як там бывае. Што як толькі пачынаеш гаварыць пра палітыку, людзі проста пачынаюць уцякаць. Таму што самая размова магла прывесці цябе ў Авадан-дэпе. Гэта была самая жахлівая турма ва ўсім былым СССР, пабудаваная пасярод пустыні Каракумы. Там у людзей не было імёнаў, толькі нумары, і яны проста знікалі за сценамі, не пакідаючы ніякіх слядоў.

У мяне сумнае прадчуванне, што такая атмасфера можа неўзабаве запанаваць і тут, у Беларусі», — гаворыць ён. 

Наша Ніва