Уладзімір Кніга

У судзе Мазырскага раёна 20 траўня палітвязня з Гародні Уладзіміра Кнігу ўжо трэці раз будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі» (ч. 1 арт. 411 КК), піша @stranafund. Раней яму ўжо двойчы дадавалі па году зняволення.

Нагадаем, былога сілавіка і валанцёра каманды Ціханоўскіх затрымалі 4 чэрвеня 2020 года ў Гародні ў выніку правакацыі. На судзе ён, як і ўсе, не прызнаў віну і заявіў, што падзеі 29 траўня 2020 года на плошчы Савецкай у час збора подпісаў за Святлану Ціханоўскую – правакацыя сілавых ведамстваў Беларусі.

У выніку Уладзіміра Кнігу засудзілі да чатырох гадоў калоніі паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).