
Чыноўнік патлумачыў, чаму нельга рабіць ядзерны могільнік у Астравецкім раёне.
Шанцы на будаўніцтва ядзернага могільніка на ўсходзе Беларусі (Хойніцкі раён Гомельшчыны ці Мсціслаўскі раён Магілёўшчыны) рэзка выраслі. Гэта адбылося пасля нечаканай заявы першага намесніка начальніка Дзяржатамнагляду Беларусі, піша «Флагшток».
Леанід Дзедуль выказаўся так: «Калі размясціць яго побач з атамнай станцыяй, то ў выпадку нейкай гіпатэтычнай падзеі на станцыі, яна можа паўплываць на бяспеку працы пункта захавання, дзе мы плануем у тым ліку размяшчаць і так званыя аварыйныя радыеактыўныя адходы».
Прасцей кажучы, у выпадку сур’ёзнай аварыі на БелАЭС радыеактыўнае забруджванне можа зрабіць небяспечным абслугоўванне раней пахаваных адкідаў.
Гэта заява выглядае дзіўнай, паколькі яна прагучала без інфармацыйнай нагоды, і ідзе ўразрэз са словамі былога дырэктара дзяржпрадпрыемства па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі «БелРАА» Дзмітрыя Логвіна.
Той казаў, што актыўнасць грамадзян можа стаць вырашальнай пры выбары пляцоўкі для будаўніцтва радыёактыўнага сховішча.
Паводле яго слоў, больш за 70% жыхароў Астравецкага раёна на сённяшні дзень не супраць будаўніцтва сховішча. У Магілёўскай вобласці (імаверна, гаворка ідзе пра Мсціслаўскі раён) не пярэчаць 60% насельніцтва.
У раёне радыелагічнага запаведніка з будаўніцтвам могільніка згодныя менш за 50% грамадзян (падобна, маюцца на ўвазе жыхары Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці).
Адкрытае абмеркаванне будзе праходзіць у жніўні-верасні 2026 года. Канчатковае рашэнне ўлады плануе прыняць у 2026—2027 гадах.
