
Пасля вызвалення з турмы Анджэй Пачобут патлумачыў, чаму для яго важна заставацца з польскай меншасцю ў Беларусі, нягледзячы на пагрозу паўторнага зняволення. Журналіст перакананы, што ягоная прысутнасць дапамагае захаваць Саюз палякаў і дае маральную падтрымку людзям, якія працягваюць працу пад ціскам рэжыму. Асабісты лёс, здароўе і ўласная свабода для яго другасныя ў параўнанні з выжываннем арганізацыі і абаронай паплечнікаў.
«Я там патрэбны»
Адказваючы на пытанне журналісткі YouTube-рэсурса Kanał Zero, чаму ён робіць такі складаны для разумення выбар і не ставіць уласную бяспеку на першае месца, Анджэй Пачобут падкрэслівае, што гэтая гісторыя тычыцца не толькі яго самога.
«Справа ў тым, што гэтая так званая мая крымінальная справа і ўсё гэта – гаворка ж не толькі пра мяне ў гэтым усім. У гэтым усім гаворка ідзе пра Саюз палякаў, вядзецца пра палякаў, вядзецца пра польскую меншасць у Беларусі. Я там патрэбны», – адказвае Анджэй Пачобут.
Чаму важна заставацца на радзіме
Разважаючы пра тое, чым канкрэтна ягоная прысутнасць можа дапамагчы ў сучасных рэаліях, Пачобут звяртае ўвагу на сам факт выжывання польскай арганізацыі дзякуючы таму, што яе лідары не ўцяклі ад рэпрэсіяў.
«Калі ласка, звярніце ўвагу на той факт, што з усіх арганізацыяў, якія дзейнічалі ў Беларусі, выжыў толькі Саюз палякаў. Чаму ён выжыў? Таму што людзі не з’ехалі, а засталіся. Засталося кіраўніцтва, я… мы з Анжалікай адмовіліся ад выезду, знаходзячыся ў турме, другі эшалон Саюзу палякаў адмовіўся ад выезду і не саступіў пад ціскам, знаходзячыся там. То бок калі ёсць там людзі, якія гатовыя ахвяраваць сваёй свабодай у імя таго, каб гэтая арганізацыя існавала, каб магла дзейнічаць, ну дык гэта прыносіць свой плён. Таму трэба так гэта разумець. Не, не варта глядзець на маю справу толькі праз прызму майго асабістага лёсу», – падкрэслівае былы палітвязень.
Публічнасць як шчыт для шараговых актывістаў
Журналістка пацікавілася, што будзе, калі ён зноў трапіць за краты, і што наогул можна зрабіць пры цяперашнім жорсткім рэжыме. Паводле словаў Пачобута, ягоная вядомасць служыць абаронай для іншых, а галоўны вынік ягонай ахвяры ўжо дасягнуты – нягледзячы ні на што, дзеці працягваюць вывучаць польскую мову.
«Значыць, ну, гэта зноў жа погляд на справу з пункту гледжання майго асабістага лёсу. А калі паглядзець на справу ў кантэксце польскай меншасці, Саюзу палякаў на Беларусі і гэтак далей, то я свята перакананы, што тое, што я вядомы ў Польшчы, у свеце, дык я маю большую абарону, у тым ліку на Беларусі, яны ў дачыненні да мяне менш могуць сабе дазволіць, чымся ў дачыненні да нашых шараговых дзеячаў, асабліва ў рэгіёнах. І пакуль я знаходжуся ў Беларусі – не важна, дзе я: у турме ці не, – я ў стане абараняць Саюз палякаў», – кажа Пачобут.
«Што я хачу зрабіць?»
Таксама былы палітвязень патлумачыў, што ён збіраецца зрабіць ва ўмовах, дзе ўсім кіруе лукашэнкаўскі рэжым, які з часам стаў толькі больш жорсткім.
«Што я хачу зрабіць? Першае – я ўжо сказаў, што гэта ўжо спрацавала. Таму што Саюз палякаў ёсць. Ну, бо, ведаеце, нічога няма. Няма ніякай структуры. Ніводная структура не выжыла. І гэта быў вынік менавіта… калі мы былі ў турме, Саюз палякаў ні на адзін дзень не спыніў сваёй дзейнасці. Нягледзячы на ўсе гэтыя рэпрэсіі. Так, яны (дзеянні чальцоў Саюзу палякаў. – Рэд.) абмежаваныя, але… значыць, было, скажам, недзе 8 тысяч дзяцей, якія вучыліся ў школе. Цяпер там, можа, тысяча ёсць. Можа, менш за тысячу… Але гэтыя дзеці вывучаюць польскую мову! Гэта адзіная магчымасць сёння ў Беларусі вывучаць польскую мову», – кажа Пачобут.
Ён дадае, што ёсць пагроза, калі польская меншасць у Беларусі можа апынуцца ў сітуацыі, якая назіралася перад 1988 годам: калі наогул не было ніякага навучання на польскай мове.
«Калі б мы з’ехалі ў 2021 годзе, паверце мне, сёння не было б арганізацыі, нічога б не засталося. А так – яна ёсць. Нягледзячы на тое, што так, яна абмежаваная, гэта не тая дзейнасць, якая была да 2020 года, акрэсленыя чырвоныя лініі вакол Саюзу, і крый божа, нехта высунецца за гэтую чырвоную лінію – могуць наступіць рэпрэсіі. І гэтая свядомасць, і гэтая раўнавага знаходзіцца ў такой цяжкай сітуацыі. Але мая прысутнасць там патрэбная ўсім тым людзям, якія рызыкуюць і ўсведамляюць гэта. І тое, што я быў у турме, таксама дадавала ім бадзёрасці, што я не здаюся, і яны не павінны здавацца», – зазначае Анджэй Пачобут.
Ён кажа, што нават калі яго арыштуюць, то да ягонага лёсу будзе прыкута значна большая ўвага, чым да лёсу нейкіх лакальных дзеячаў.
«Акрамя таго, я ўсё ж такі маральна, псіхічна падрыхтаваны да таго, што мяне можа спаткаць. А такі звычайны чалавек, які не мае такога досведу, ну, ён жа ў значна больш складанай сітуацыі», – дадае Анджэй Пачобут.
Пра думкі ў турме і мяжу трываласці
Гаворачы пра гады, праведзеныя ў найцяжэйшых умовах калоніі і турмаў, Пачобут прызнаецца, што ў яго былі хвіліны фізічнай слабасці і страх за ўласнае здароўе, аднак думак пра тое, каб здацца і адступіць ад сваіх перакананняў, ён ніколі не дапускаў.
«Не, абсалютна не. Не было такой сітуацыі. Я хутчэй… быў у сітуацыі, калі думаў, што можа маё здароўе не вытрымаць і што я магу проста памерці ва ўсёй гэтай гісторыі. Што магу ўжо як бы не выйсці з турмы. Такія думкі ў мяне былі, была такая сітуацыя. Але каб здавацца – абсалютна не, не было ў мяне такой думкі ўвогуле», – кажа былы палітвязень.
У лютым 2023 года суддзя Гарадзенскага абласнога суда Дзмітрый Бубенчык прызначыў журналісту 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пазней суддзя Вярхоўнага суда Ігар Любавіцкі пакінуў прысуд без зменаў, а скаргу – без задавальнення.
28 красавіка Пачобута вызвалілі ў выніку абмену паводле формулы «пяць на пяць».
Белсат
