
Сістэма прафілактычнага ўліку “асоб, схільных да экстрэмісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасці” працягвае пашырацца ў беларускіх месцах зняволення. Калі раней “10-ы прафулік” у першую чаргу асацыяваўся з палітвязнямі, то цяпер пад яго ўсё часцей трапляюць і асуджаныя не паводле “палітычных” артыкулаў. Нагодай могуць стаць старыя фота з бел-чырвона-белай сімволікай, каментары ў сацсетках ці нават канфлікты з адміністрацыяй калоніі. Былая палітзняволеная распавяла “Вясне”, як у 2026 годзе працуе гэты механізм ціску і якія абмежаванні атрымліваюць жанчыны з “экстрэмісцкім” прафулікам.
За што непалітычныя могуць атрымаць 10-ы прафулік?
Вясной 2025 года праваабаронцам “Вясны” стала вядома, што ў гомельскай калоніі № 4 жанчын, якія былі асуджаныя не паводле палітычных справаў, пачалі ставіць на “экстрэмісцкі” прафулік і прызнаваць “злосніцамі”, прыраўноўваючы да “палітычных”.
У месцах зняволення практычна ўсіх затрыманых паводле “палітычных” артыкулаў аўтаматычна ставяць на прафілактычныя ўлікі як “схільных да экстрэмізму ды іншых дэструктыўных дзеянняў” і выдаюць ім жоўтыя нашыўкі на адзенне. Галоўная мэта прафулікаў — поўны кантроль з боку адміністрацыі.
Падставай для дадатковага пераследу, у тым ліку з’яўляюцца адміністрацыйныя артыкулы пасля 2020 года паводле арт. 23.24 (несанкцыянаванае пікетаванне) і 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) КаАП, каментары ў інтэрнэце ці фота з пратэстаў, якія ў іх знаходзілі падчас затрымання.
Па словах былых палітзняволеных, восенню 2024 года ў калоніі такіх жанчын было каля дзесяці. У пачатку 2026 года, распавядае Ганна (імя зменена ў мэтах бяспекі), налічвалася каля 20 непалітычных жанчын, якіх паставілі на прафулік ужо падчас адбыцця пакарання.
“Складана сказаць, колькі менавіта цяпер знаходзіцца непалітычных жанчын з 10-й катэгорыяй, я б усё ж казала пра 20. Тут ёсць яшчэ такі нюанс, што ёсць палітычныя, але з яшчэ адным “бытавым” артыкулам, іх адначасова судзілі за гэта. А ёсць жанчыны, у якіх няма палітычных артыкулаў, а ёсць толькі прафулік 10-й катэгорыі. Ёсць жанчыны, часцей за ўсё паводле арт. 328 КК [незаконны абарот наркатычных сродкаў], якім паставілі 342 артыкул [актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак] пасля. Вось прыклад: Таня (імя зменена) была асуджаная паводле арт. 328 на 10 гадоў пазбаўлення волі, ужо ў перыяд адбыцця пакарання ў яе знаёмага на тэлефоне выявілі сумесныя фота з Маршу. Узбуджаецца крымінальная справа, Таня едзе на этап, атрымлівае плюс адзін год пазбаўлення волі, без паглынання і прафілактычны ўлік. Але з улікам знаходжання ў СІЗА і пераліку, то канец тэрміну ў яе ссунуўся толькі на некалькі месяцаў.
Альбо ў калонію прыходзяць даныя аб адміністрацыйных правапарушэннях або знойдзеным фота з БЧБ на тэлефоне (не абавязкова на маршы, бо гэта ўжо 342 артыкул) і чалавека ставяць на прафулік экстрэмісцкі проста за любое фота з сімволікай альбо “пратэсным” кантэнтам.
За зносіны з палітычнымі пастаянна палохалі тым, што паставяць на прафулік, але на справе я ведаю толькі пра адну жанчыну паводле эканамічнага артыкула, якой ускосна за гэта далі 10-ю катэгорыю”.
“Тэндэнцыя прысвойваць 10-ю катэгорыю”
“Я дакладна ведаю пра прысвойванне 10-й катэгорыі жанчыне паводле артыкула 209 КК за адстойванне сваёй пазіцыі перад адміністрацыяй папраўчай калоніі. Яна праводзіла гэткі “італьянскі страйк”, калі брала ПУР (правілы ўнутранага распарадку) і патрабавала бездакорнага іх выканання ў дачыненні да ўсіх. Яшчэ яна была даволі дасведчанай у іншых законах і падзаконных актах, таму ўмела імі карысталася — а такое ў месцах пазбаўлення волі вельмі не падабаецца адміністрацыі устаноў. І вось, адбыўшы неаднаразовую колькасць разоў у ШІЗА, ёй была па выніку прысвоена 10-я катэгорыя прафуліку. Трэба разумець, што гэта быў чалавек перадпенсійнага ўзросту, яна атрымлівала ўжо пенсіі з інваліднасці.
Яшчэ наконт характарыстык людзей з 10-й катэгорыяй: гэта часта жанчыны, абвінавачаныя паводле эканамічных артыкулаў. Але за апошні год структура часткова змянілася, назіраюцца людзі з асацыяльным ухілам, паводле такіх артыкулаў, як 205, 174 КК. Яны маглі раней адбываць хатнюю хімію за 342 артыкул, альбо акрамя бытавога артыкула ёсць 368, 369 КК за знойдзены каментар у сацыяльных сетках. З маіх адчуванняў, у апошні час тэндэнцыя прысвойваць 10-ю катэгорыю пачасцілася.
Пры гэтым у жаночых калоніях ёсць жанчыны, раней асуджаныя паводле артыкулаў, якія цяпер сталі “экстрэмісцкімі”, але яны не атрымліваюць прафулік. Аднак да іх могуць беспадстаўна ўжывацца іншыя захады ўздзеяння. Яшчэ з 2013 года ў зняволенні знаходзіцца Ірына Акінчыц, якая атрымала 15 гадоў паводле артыкула 356 КК (здрада дзяржаве). З 2025 года яе паводле надуманых падставаў пачалі саджаць у ШІЗА і ПКТ, што відавочна звязана толькі з яе артыкулам”.
Дадатковыя абмежаванні для “экстрэмісцкага” прафуліку
Фармальна прафілактычны ўлік не з’яўляецца асобным пакараннем, аднак на практыцы ён уплывае амаль на ўсе сферы жыцця ў калоніі. Жанчыны з 10-й катэгорыяй сутыкаюцца з дадатковымі праверкамі, абмежаваннямі на працу, навучанне, удзел у мерапрыемствах і нават атрыманне лістоў.
“Для іх дзейнічае забарона на працу ў разнарадках (дадатковы выхад на працу, каб мець магчымасць больш зарабіць). Дастаткова шмат асуджаных выбіралі варыянт больш знаходзіцца ў разнарадках, чым у атрадзе. Бо псіхалагічна камфортней адчувалі сябе на працоўным месцы. У апошні час многія непалітычныя 10-й катэгорыі спрабавалі лабіраваць доступ у разнарадкі, але гэта было беспаспяхова, бо рашэнне было прынятае не мясцовай адміністрацыяй, а вышэй.
Далей, бытавыя нязручнасці — другі ярус ложка, спаць у секцыях толькі на ўваходзе, каб спальнае месца праглядалася, у пакоі захоўвання рэчаў (капцёрка) размяшчаешся на пятым ярусе і дабіраеш да сваіх скрынак толькі па лесвіцы, чакаючы велізарную чаргу на яе. Часта на інвентарныя работы збіраюць толькі людзей, якія стаяць на прафілактычным уліку.
Забарона на наведванне забаўляльных мерапрыемстваў, спартовых, удзел у клубнай самадзейнасці (у выключных выпадках з дазволу аператыўнага куратара). Кожны месяц, а бывае і часцей, поўны дагляд рэчаў пад наглядам рэжымнага куратара. Асобная працэдура тэлефонных і відэазванкоў, з дадатковай фіксацыяй з боку адміністрацыі. Нельга быць адказнай за што-небудзь у калоніі — брыгадзіркай, загадчыцай гаспадаркі, актывам, што водзіць у санчастку; знаходзіцца ў гаспадарчым атрадзе, які забяспечвае бытавое жыццё ўсёй калоніі (сталовая, санчастка, ДМР, прыборка розных памяшканняў і г.д.). Негалосная забарона на больш аплатныя пасады на фабрыцы (аператарка спец. машын, мастачка, любая праца з кампутарам і г.д.). Нельга ўдзельнічаць у псіхалагічных трэнінгах, прайсці лекванне ад залежнасцяў у рэабілітацыйным цэнтры “Давер”, які функцыянуе ў ПК-4. Нельга наведваць царкву, спартзалу, багаслоўскія курсы. Нельга навучацца ў каледжы (дзе можна атрымаць спецыяльнасць швачка-краўчыха, цырульніца), атрымліваць вышэйшую адукацыю, вучыцца на курсах (макіяж, бравістка, кампутарная пісьменнасць)”.
Па словах былой палітзняволенай, наяўнасць 10-й катэгорыі ўплывае не толькі на паўсядзённае жыццё ў калоніі, але і на шанцы выйсці на волю раней за тэрмін. Напярэдадні амністый такіх асуджаных нярэдка мэтанакіравана прызнаюць “злоснымі парушальніцамі рэжыму”, каб пазбавіць магчымасці трапіць пад амністыю або змякчэнне рэжыму. Акрамя таго, любыя дысцыплінарныя камісіі ў дачыненні да людзей з 10-м прафулікам, як правіла, праходзяць больш жорстка, чым для астатніх зняволеных.
“Рашэнні на камісіях па пакаранні заўсёды больш суровыя, чым у звычайных зняволеных. На любое дробнае парушэнне не закрыюць вочы, а звычайныя зняволеныя могуць дэманстратыўна рабіць гэта і паказваць, што “ты дзясятая катэгорыя — табе нельга”. Атрымліваць карэспандэнцыю можна толькі ад блізкіх сваякоў, звычайныя зняволеныя атрымліваюць любыя лісты (акрамя лістоў, дзе відавочна прасочваецца што яно ад былой зняволенай, і то па спецыяльным дазволе аператыўнага куратара — можна)”.
Ці можна зняць”экстрэмісцкі прафулік”?
“Дэ-факта 10-ю катэгорыю зняць немагчыма. Яшчэ ніхто ні ў адной з пенітэнцыярных устаноў не зняў гэты прафілактычны ўлік. Ёсць супрацоўнікі, якія наўпрост кажуць пра гэта як ёсць, а ёсць тыя, хто сцвярджае, што “вядома ж, зняць можна любы прафулік”. Акрыленыя людзі радуюцца гэтай магчымасці, але гэта дзейнічае толькі для пачаткоўцаў, якія яшчэ не зразумелі ў якое залюстаркоўе яны патрапілі.
Выказвалася такое меркаванне з боку адміністрацыі, што калі выпусцяць усіх палітвязняў, то магчымы разгляд зняцця прафуліку. Але гэта таксама з разраду — “задобрыць цяпер, каб ад мяне хутчэй адчапіліся”.
Вясна
